2014-04-24 10:29:09

Канцлер Папскай акадэміі навук наведаў Маскоўскі Патрыярхат


RealAudioMP3 23 красавіка 2014 г. у Маскве ў сядзібе Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата адбылася сустрэча яго старшыні, Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна, з канцлерам Папскай акадэміі навук біскупам Марсэла Санчэсам Саронда і кіраўніком аўстралійскага праваабарончага фонду “Walk Free” Эндру Форэстам. У ходзе спаткання абмяркоўваліся перспектывы ўзаемадзеяння Рускай Праваслаўнай Царквы з вышэйузгаданай арганізацыяй. На ім прысутнічаў таксама Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Іван Юркавіч, паведамляецца на сайце Аддзела знешніх царкоўных сувязяў.

Сферай дзейнасці “Walk Free” з’яўляецца супрацьдзеянне сучаснаму рабству з дапамогай прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці да гэтага пытання, мабілізацыі намаганняў бізнес-структур у барацьбе з такога роду праявамі на сваіх прадпрыемствах, актывізацыя дзейнасці прадстаўнікоў культурнай, адукацыйнай і духоўнай сфер у справе супрацьстаяння рабскім тэндэнцыям у свеце.

17 сакавіка 2014 г. у Ватыкане пры садзейнічанні арганізацыі “Walk Free” адбылося падпісанне беспрэцэдэнтнага пагаднення паміж прадстаўнікамі асноўных рэлігій пад назвай “Global Freedom Network”. Яго мэтай з’яўляецца выкараненне сучаснага рабства і гандлю людзьмі ва ўсім свеце да 2020 г. Глабальная сетка – гэта адкрытая асацыяцыя, да якой могуць далучыцца прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў і іх лідэры.







All the contents on this site are copyrighted ©.