2014-04-23 11:55:32

У Назарэце пачалі ўсталёўваць табліцу з мазаічнай выявай Маці Божай Будслаўскай


RealAudioMP3 На сцяне санктуарыя Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Назарэце ўжо пачалі ўсталёўваць табліцу з мазаічнай выявай адной з самых вялікіх святынь Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – Будслаўскага абраза Маці Божай. Гэтаму папярэднічала доўгая падрыхтоўка – ад ідэі, усіх узгадненняў да вырабу самой табліцы, паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Такіх нацыянальных абразоў у Назарэце вельмі многа. Чаму ў Назарэце? Таму што менавіта там адбылося Звеставанне, Арханёл Габрыэль паведаміў Марыі, што яна будзе Маці Збаўцы. І кожны народ хоча мець там сваю нацыянальную святыню, і прыйшоў час Беларусі”, - сказаў іерарх.

Санктуарый у Назарэце пабудаваны на месцы, дзе жыла Святая Сям’я. Пілігрымы, якія прыязджаюць туды з усяго свету, з даўніх часоў пакідаюць на сценах храма свае іконы. Сёння там цэлая галерэя абразоў Маці Божай з розных краін – Грэцыі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы – дакладна не пералічыць. Беларуская – 2 метры ўвышыню і 70 сантыметраў у шырыню. Унізе змешчана выява будслаўскай базылікі, уверсе – сам абраз Маці Божай. Прысутнічаюць таксама і нацыянальны арнамент, і слова “Беларусь”. Праект мазаікі рабілі беларуйскія майстры, а вось у жыццё яе ўвасобілі на Святой Зямлі – выключна з практычных інтарэсаў – каб не перавозіць на далёкую адлегласць даволі вялікую і каштоўную рэч. Але гэтыя тысячы кіламетраў гатовы пераадолець беларускія пілігрымы, якія 28 чэрвеня 2014 г. прымуць удзел у асвячэнні мазаікі на сцяне санктурыя ў Назарэце.

“Гэта нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю. І пілігрымы будуць там тыдзень. Яны наведаюць святыя месцы, звязаныя з жыццём Езуса Хрыста і ўвогуле гісторыяй збаўлення чалавека. І гэтым самым пілігрымка будзе спрыяць умацаванню веры нашых людзей”, - лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч.

Два з паловай гады таму ў Іерусаліме на сцяне храма “Pater Noster” была ўсталявана табліца з малітвай “Ойча Наш” па-беларуску. І цяпер сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі будзе прысутнічаць у двух галоўных месцах біблійнай гісторыі. На Святую Зямлю ў чэрвені адправіцца каля тысячы пілігрымаў з Беларусі. Мазаіка з выявай будслаўскай святыні, вядома, будзе праслаўляць краіну, нагадваць або распавядаць аб Касцёле ў Беларусі мільёнам і мільёнам пілігрымаў з усяго свету, якія штодзённа прыбываюць у Назарэт. Несумненна, не адзін з іх малітоўна звернецца да Будслаўскай Маці Божай.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.