2014-04-23 12:55:16

Папа на агульнай аўдыенцыі: давайце не будзем шукаць жывога сярод мёртвых


RealAudioMP3 “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?” – гэтыя словы з апошняга раздзелу Евангелля св. Лукі гучалі як рэфрэн 23 красавіка 2014 г. на плошчы св. Пятра падчас агульнай аўдыенцыі з вуснаў папы Францішка. Яны, паводле Пантыфіка, нам патрэбны, каб выратаваць сябе ад складаных сітуацый, калі прыходзіць пачуццё паразы, адзіноты, страты надзеі, што з’яўляецца вынікам знявольвання грахом, каб дапамагчы нам выйсці з прасторы смутку і адкрыць перспектывы для радасці і надзеі. Катэхезу Святога Айца на ватыканскай плошчы пачула сёння каля 50 тыс. чалавек. Папа нагадаў, што на гэтым тыдні Касцёл святкуе Уваскрасенне Езуса – “сапраўдную і глыбокую радасць, заснаваную на ўпэўненасці, што Хрыстус уваскрослы ўжо больш не памірае, а жыве і дзейнічае ў Касцёле і ў свеце”. Гэтая ўпэўненасць, адзначыў Францішак, “жыве ў сэрцах вернікаў з той велікоднай раніцы, калі жанчыны прыйшлі да магілы Езуса і анёлы сказалі ім: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?” (Лк 24,5 )”. Гэтыя словы Пантыфік назваў “мерным камянём гісторыі”. Але яны могуць стаць “камянём падзення”, адзначыў ён, калі чалавек не адкрыецца на Добрую Навіну, “калі будзе лічыць, “што меншай праблемай з’яўляецца Езус, Які памёр, чым Езус жывы”. “Колькі разоў мы шукалі жыцця сярод таго, што мёртвае, што не можа даць жыцця, таго, што сёння існуе, а заўтра знікне, эфемернага?”, - спытаўся Папа ў вернікаў.

“Мы патрабуем гэтых словаў, калі зачыняемся ва ўсялякіх формах эгаізму і самаздаволення, калі паддаемся спакусе мірской улады і рэчаў гэтага свету, забываючыся пра Бога і нашага бліжняга, калі пакладаем наш давер у зямных рэчах, у грошах, у поспеху. Тады Божае слова кажа нам: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?”. Чаму там шукаеш, калі гэта не можа даць табе жыцця! Можа даць табе радасць на працягу хвіліны, дня, тыдня ці месяца. А што потым? “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?”. Гэтая фраза павінна ўвайсці ў нашыя сэрцы, і мы павінны яе паўтараць”, - заклікаў Святы Айцец.

Праўда пра уваскрасенне Хрыста – не простая, адзначыў папа Францішак. Ён нагадаў пра розную рэакцыю на яе: апостала Тамаша, Марыі Магдалены і двух вучняў з Эмаус. На думку Пантыфіка, варта супаставіць сябе з гэтымі трыма паставамі. Тамаш ставіць перад верай умову, намагаецца атрымаць доказы – раны Езуса. Марыя Магдалена плача, бачыць Езуса, але не пазнае Яго; разумее, што гэта Хрыстус толькі тады, калі называе яе па імені. Вучні з Эмаус, засмучаныя, з пачуццём паразы сустракаюць Езуса, калі дазваляюць “таямнічаму вандроўніку” суправаджаць сябе у падарожжы. Кожны з рознымі шляхамі, але з адным падыходам – “шукалі сярод мёртвых Таго, хто жыве, і сам Пан выправіў іх ​​курс”.

Пытанне анёлаў, на думку Святога Айца, дазваляе кожнаму “пераадолець спакусу азірнуцца на тое, што адбылося ўчора, і штурхае наперад, у будучыню”. “Учора” – гэта грабніца Езуса і магіла Касцёла, магіла праўды і справядлівасці. “Сёння” – гэта вечнае ўваскрасенне, да якога штурхае нас Святы Дух, даючы нам поўную свабоду”, - сказаў Папа і дадаў, што сёння гэта пытанне скіравана таксама да кожнага верніка. “Чаму ты, што замыкаешся ў сабе пасля паразы і не маеш больш сіл, каб маліцца, шукаеш жывога сярод мёртвых? Чаму ты, што адчуваеш сябе адзінокім, пакінутым сябрамі, і, магчыма, нават Богам, шукаеш жывога сярод мёртвых? Чаму ты, што страціў надзею, і ты, які адчуваш сябе ў пастцы сваіх грахоў, шукаеш жывога паміж мёртвых? Чаму ты, што імкнешся да прыгажосці, да духоўнай дасканаласці, справядлівасці і міру шукаеш жывога сярод мёртвых?”, - паставіў пытанні Святы Айцец.

На думку Пантыфіка, кожны хрысціян павінен ставіць перад сабой пытанне анёлаў. Менавіта яно дапаможа выйсці з прасторы смутку і адкрые перспектывы для радасці і надзеі, а гэта ў сваю чаргу дапаможа прапаведаваць Добрую Навіну, “здольную нарадзіць новае жыццё для іншых”. Францішак запрасіў вернікаў не хаваць сябе ў сучасных магілах грахоў, якія шмат абяцаюць, а ў рэшце рэшт нічога не даюць. “Давайце не будзем шукаць жывога сярод мёртвых”, - заклікаў Папа.







All the contents on this site are copyrighted ©.