2014-04-21 13:51:55

“Цэнтр Сымона Візенталя” аб кананізацыі Пантыфікаў


RealAudioMP3 “Цэнтр Сымона Візенталя” – найбуйнейшая ў свеце яўрэйскай міжнародная праваабарончая арганізацыя – далучаецца да радасці католікаў усяго свету ў сувязі з кананізацыяй благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, піша ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”. “Яўрэі заўсёды памятаюць Яна ХХІІІ, як натхняючую сілу ІІ Ватыканскага Сабора, змяніўшага позірк католікаў на іншыя веры, асабліва юдаізм”, - адзначыў рабін Іцхак Эдлерсцін, кіраўнік аддзела міжрэлігійных адносін "Цэнтра Сымона Візенталя". На яго думку, дэкларацыя Сабора пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra Aetate”, адкінула “тэалагічны антысемізм”, які існаваў на працягу стагоддзяў і дала пачатак адносінам паміж хрысціянамі і юдэямі на аснове ўзаемнай павагі.

Паводле іншага члена яўрэйскай праваабарончай арганізацыі, рабіна Абрагама Купера, “Ян Павел ІІ стаў першым папам, які наведаў юдэйскае месца культу, абняўшыся з галоўным рабінам Рыма Эліа Тоафам і назваўшы яўрэяў “старэйшымі братамі” хрысціян”. Купер нагадаў, таксама пра два іншыя факты за якія Ян Павел ІІ мае “асаблівае месца ў сэрцы яўрэйскага народа”, а менавіта яго рашэнне ўстанавіць дыпламатычныя адносіны з дзяржавай Ізраіль, а таксама запіска пакінутая ў Муры плачу, падчас візіту ў Іерусалім, у якой Пантыфік прызнаваў праліццё яўрэйскай крыві ў імя хрысціянства, молячыся аб прабачэнні. Гэты жэст “ніколі не будзе забыты”, - падкрэсліў яўрэйскі праваабаронца.








All the contents on this site are copyrighted ©.