2014-04-21 12:50:19

Святы Айцец: папросім маці Езуса ўвесці нас у пасхальную радасць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Дазволіць, каб радаснае здзіўленне пасхальнай нядзелі выпраменьвалася ў думках, позірках, паводзінах, жэстах і словах, заклікаў папа Францішак вернікаў 21 красавіка 2014 г. падчас малітвы “Уладарка неба”, якая ў пасхальны перыяд замяняе традыцыйны “Анёл Панскі”. Памаліцца супольна са Святым Айцом сабралася вялікая колькасць пілігрымаў з Італіі і іншых краін свету. Францішак звярнуўся да іх з традыцыйным велікодным прывітаннем “Хрыстус уваскрос – Сапраўды ўваскрос!” на грэцкай і італьянскай мовах і нагадаў, што Хрыстус сапраўды жывы і таксама прысутнічае на плошчы. “На працягу гэтага тыдня мы можам працягваць абменьвацца пасхальнымі віншаваннямі, нібыта гэта адзін дзень. Гэта вялікі дзень, які ўчыніў Пан. Пануючае пачуццё, якое выходзіць з евангельскіх апавяданняў аб Уваскрасенні – гэта радасць, поўная здзіўлення; гэта вялікае здзіўленне, але з яго выходзіць радасць і ў літургіі мы перажываем духоўны стан вучняў, якія пачулі навіну прынесеную жанчынамі: Езус уваскрос!

Дазволім, каб гэты досвед, пераказаны ў Евангеллі, адбіўся таксама і ў нашых сэрцах і праявіўся ў нашым жыцці. Дазволім, каб радаснае здзіўленне пасхальнай нядзелі выпраменьвалася ў думках, позірках, паводзінах, жэстах і словах... Але гаворка ідзе не пра "макіяж"! Яно паходзіць знутры, з сэрца заглыбленага ў крыніцу гэтай радасці, як сэрца Марыі Магдалены, якая плакала па страце свайго Пана і не верыла ўласным вачам убачыўшы Яго ўваскрослым. Хто перажывае такі досвед, становіцца сведкам уваскрасення, бо ў пэўным сэнсе ўваскрасае сам, уваскрасае сама. Такім чынам становіцца здольным несці “прамень” святла Ўваскрослага ў розныя чалавечыя сітуацыі: шчаслівыя – робячы іх яшчэ больш прыгожымі і захоўваючы ад эгаізма; балючыя – нясучы спакой і надзею.

Было б добра, на працягу гэтага тыдня, узяць у рукі Евангелле і перачытасць тыя раздзелы, якія апавядаюць пра ўваскрасенне Езуса. Гэта было б вельмі добра – узяць кнігу, пашукаць раздзелы і перачытаць іх. Было б добра паразважаць пра радасць Марыі, Маці Езуса. Яе боль быў глыбокім настолькі, што нават прабіў ёй душу, але такой жа ўнутранай і глыбокай была яе радасць і ад яе маглі натхняцца вучні. Прайшоўшы праз досвед смерці і ўваскрасення свайго Сына, на якія глядзела праз веру, як на выраз найвышэйшай любові Бога, сэрца Марыі стала крыніцай спакою, суцяшэння, надзеі і міласэрнасці. Усе прэрагатывы нашай Маці выходзяць адсюль, ад удзелу ў Пасхе Езуса. Яна памерла разам з Ім; яна ўвасросла з Ім. З пятніцы да нядзельнай раніцы, яна не губляла надзеі: мы сузіралі Маці журботную, але ў той жа час, Маці поўную надзеі. Таму яна з’яўляецца Маці ўсіх вучняў, Маці Касцёла і Маці надзеі.

Яе, маўклівую сведку смерці і ўваскрасення Езуса, папросім увесці нас у пасхальную радасць. Учынім гэта праз малітву “Уладарка неба”, якая ў пасхальны перыяд замяняе малітву “Анёл Панскі”.

Пасля малітвы Святы Айцец прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і пажадаў ім правесці велікодны панядзелак у радасці і спакоі.








All the contents on this site are copyrighted ©.