2014-04-20 13:36:56

Папа перад “Urbi et Orbi”: Любоў дазваляе надзеі заквітнець нават у пустыні (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Заклік аб дыялогу і адзінстве ва Украіне, праблемы нерацыянальнага выкарыстання прадуктаў харчавання, выкрадання людзей, адсутнасці міра ў многіх кропках планеты, - гэтыя тэмы прагучалі ў пасланні папы Францішка перад традыцыйным благаслаўленнем “Urbi et Orbi” (Гораду і свету) 20 красавіка 2014 г. Пасля Велікоднай св. Імшы на плошчы св. Пятра, Пантыфік звярнуўся да вернікаў з балкона цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі. “Дарагія браты і сёстры, шчаслівай і святой Пасхі! – прывітаў сабраных Папа – У Касцёле, раскінутым па ўсім свеце зноў разносіцца навіна, з якой анёл звярнуўся да жанчын: “Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыйдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены”. Не бойцеся! Пан уваскрос! Гэта – кульмінацыя Евангелля, гэта Добрая Навіна ў поўным значэнні гэтага слова: укрыжаваны Езус уваскрос! Гэта падзея ляжыць у аснове нашай веры і нашай надзеі: калі б Хрыстус не ўваскрос, хрысціянства згубіла б сваю вартасць: уся місія Касцёла згубіла б сваю сілу, бо менавіта адсюль выйшла і нястомна выходзіць. Пасланне, якое хрысціяне нясуць у свет такое: Езус, уцелаўлёная Любоў, памёр на крыжы за нашы грахі, але Бог Айцец яго ўваскрасіў і ўчыніў Панам жыцця і смерці. У Езусе, Любоў перамагла над нянавісцю, міласэрнасць – над грахом, дабро – над злом, праўда – над падманам, жыццё – над смерцю.

Таму мы ўсе кажам: “Падыйдзіце і пабачце!”. У кожнай чалавечай сітуацыі, пазначанай слабасцю, грахом і смерцю, Добрая навіна – гэта не толькі слова, але сведчанне бескарыслівай і вернай любові: гэта выйсце па-за сябе, у накірунку іншага, гэта блізкасць да параненага жыццём і дзяленне з тым, каму не хапае неабходнага, прабыванне побач з тым, хто хворы ці стары ці адрынуты... “Падыйдзіце і пабачце!”: Любоў мацней за ўсё, Любоў дорыць жыццё, Любоў дазваляе надзеі заквітнець нават у пустыні.

З гэтай радаснай упэўненасцю у сэрцы, мы сёння звяртаемся да Цябе, Пане Уваскрослы! Дапамажы шукаць Цябе, каб усе маглі сустрэцца з Табой; дапамажы нам ведаць, што маем Айца і не адчуваць сябе сіротамі; каб мы маглі любіць Цябе і аддаваць Табе пашану.

Дапамажы ў перамозе над ранай голаду, абцяжаранай канфліктамі і вялікімі марнаваннямі, саўдзельнікамі якіх мы часта з’яўляемся. Зрабі нас здольнымі бараніць безабаронных, перш за ўсё дзяцей, жанчын і пажылых, якія часам становяцца аб’ектамі злоўжыванняў і абыякавасці.

Дапамажы, каб маглі аздаравіць братоў дакранутых эпідэміяй віруса Эбола ў Гвінеі, Сьера-Леонэ і Ліберыі, а таксама пакутуючых ад іншых хваробаў, якія распаўсюджваюцца між іншым з прычыны антысанітарыі і крайняй беднасці.

Суцеш усіх тых, хто сёння не можа святкаваць Пасху са сваімі блізкімі, таму што былі несправядліва адарваны ад тых, каго любяць, як і шматлікіх асобаў, святароў і свецкіх, якія былі выкрадзены ў розных частках свету. Суцеш тых, хто пакінуў свае землі, каб міграваць у месцы, дзе можна спадзявацця на лепшую будучыню, жыць з годнасцю, і нярэдка, свабодна вызнаваць уласную веру.

Просім цябе, хвалебны Езус, спыні ўсе войны, кожную варожасць, малую і вялікую, старую ці нядаўнюю! Молім цябе асабліва за Сірыю, умілаваную Сірыю, каб пакутуючыя ад наступстваў канфлікта маглі атрымаць неабходную гуманітарную дапамогу і задзейнчаныя бакі не карысталіся больш сілай, сеючы смерць, асабліва супраць безбройнага насельніцтва, але мелі адвагу весці перамовы аб міры, ужо так доўга чакананым! Хвалебны Езус, просім Цябе суцешыць ахвяраў братазабойчага насілля ў Іраку і падтрымаць надзеі ўзнікшыя з аднаўленнем перамоваў паміж ізраіліцянамі і палестынцамі.

Молім Цябе аб тым, каб быў пакладзены канец сутыкненнямі ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і каб спыніліся жудасныя тэрарыстычныя напады ў некаторых рэгіёнах Нігерыі і насілле ў Паўднёвым Судане.

Просім Цябе, каб у Венесуэле, сэрцы звярнуліся да прымірэння і братэрскай згоды. Дзеля Твайго Уваскрасення, якое сёлета святкуем разам з Цэрквамі, што карыстаюцца юліянскім календаром, просім асвяціць і натхніць ініцыятывы прымірэння ва Украіне, каб усе зацікаўленыя бакі, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, прадпрынялі ўсе намаганні дзеля недапушчэння насілля і будавання будучыні краіны у духу адзінства і дыялогу, каб яны па-братэрску маглі ўсклікаць сёння: “Хрыстус Уваскрос!”

За ўсе народы Зямлі, просім Цябе, Пане: Ты, які перамог смерць, адары Тваім жыццём, адары Тваім спакоем! “Сhristus serrexit, venite et vedete!”, - заклікаў Святы Айцец. Пасля благаслаўлення “Urbi et Orbi” Папа павіншаваў вернікаў са святам Пасхі і заклікаў несці ў “свае сем’і і супольнасці радасную вестку пра тое, што Хрыстус – наш мір і надзея – уваскрос!”








All the contents on this site are copyrighted ©.