2014-04-18 11:04:34

Святы Айцец: служыць адзін аднаму ў любові


RealAudioMP3 Езус стаў слугой і пакінуў нам у спадчыну заданне “служыць адзін аднаму” у любові. Гэта думка была ў цэнтры гаміліі папы Францішка вечарам 17 красавіка 2014 г. падчас св. Імшы Вячэры Пана. Святы Айцец узначаліў літургію ў рымскім рэабілітацыйным цэнтры “Santa Maria della Provvidenza”. Падчас яе Пантыфік абмыў ногі 12 асобам розных узростаў, нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Усе яны – пацыенты італьянскіх медыцынскіх устаноў дабрачыннага Фонда Дона Ньёкі. У Эўхарыстыі таксама прынялі ўдзел іх сваякі, супрацоўнікі і валанцёры рэабілітацыйнага цэнтра – усяго каля 500 чалавек. Звяртаючыся да іх Святы Айцец нагадаў, што падчас Апошняй Вячэры Езус, на развітанне пакінуў сваім вучням спадчыну: “Ён Бог і стаў слугой, нашым слугой. І гэта спадчына: таксама і вы павінны быць слугамі адзін для аднаго. Ён прайшоў гэты шлях з любові: таксама і вы павінны любіць адзін аднаго і служыць у любові. Гэта спадчына, якую нам пакінуў Езус”.

Папа Францішак падкрэсліў, што жэст абмывання ног сімвалічны: “так рабілі рабы, слугі тых, хто збіраўся за сталом, людзей, якія прыходзілі на абед”, таму што ў тыя часы “усе дарогі былі земляныя і калі ўваходзілі ў дом было неабходна абмыць ногі”. Такім чынам Езус выканаў жэст, які рабілі слугі і пакінуў яго нам, як спадчыну.

“Таму Касцёл сёння, калі ўзгадваецца Апошняя Вячэра, калі Езус устанавіў Эўхарыстыю, таксама ў цырымоніі чыніць жэст абмывання ног, які нагадвае нам, што мы павінны быць слугамі для іншых”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў усіх ва ўласным сэрцы падумаць пра іншых і аб любові, якую паводле просьбы Езуса, мы павінны мець паміж сабой. “Падумаем таксама, як можам служыць лепш, іншым людзям. Таму што Езус хацеў гэтага ад нас”, - дадаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.