Мітрапаліт Кандрусевіч: Ян Павел ІІ – Папа, які змяняў людзей
Цяпер, калі да кананізацыі
Яна Паўла ІІ застаецца зусім мала часу, ва ўсім свеце ўзгадваюць легендарнага Пантыфіка
– яго справы, прамовы, разабраныя на цытаты, учынкі, якія сталі прыкладам. Яшчэ на
пахаванні Яна Паўла ІІ у 2005 г. тысячы вернікаў, якія сабраліся на плошчы св. Пятра,
у адзін голас прамаўлялі “Святы неадкладна”. Для вернікаў гэта постаць была неацэнна
значнай, беларускія католікі лічылі яго сваім Папам. І ён сапраўды быў такім. Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, добра памятае той дзень, калі кардынал
Караль Вайтыла стаў Біскупам Рыма.
“Калі кардынал Кракаўскі стаў наступнікам
св. Пятра, я быў у семінарыі. Я быў дзяжурны. Добра памятаю той дзень – людзі ішлі
і ішлі, а семінарыя была своеасаблівым цэнтрам. Сапраўды, сапраўды, гэта адзін з нашых,
такі блізкі да нас, ён добра ведае нас, добра ведае атэізм, ён добра ведае тых, хто
займаецца пераследам веры і ён што-небудзь зробіць. Яго першыя словы былі: “Не бойцеся,
адчыніце дзверы Езусу Хрысту, толькі Ён адзін ведае чалавека. І толькі праз Яго чалавек
можа спазнаць сябе”. Гэта былі словы, якія падбадзёрвалі ўсіх. Потым яго вядомы візіт
у Польшчу, калі ён сказаў: “Няхяй сыдзе Дух Святы і адновіць гэтую зямлю”. Мы тут
таксама чыталі гэтыя словы і адносілі іх да сябе...”, - прызнаўся іерарх у інтэрв’ю
Ватыканскаму радыё.
Папа-міратворца, які адкрыта выстапаў супраць камунізма,
а таксама першы, хто не толькі прызнаў абвінавачванні ў адрас Каталіцкага Касцёла,
але і публічна прынёс пакаянне – напрыклад, за інквізіцыю. Ніколі ў гісторыі чалавецства
ніводная рэлігія ці канфесія не прыносіла такіх прабачэнняў. Чалавек, які стаў Папам
і Папа, які стаў святым. Ян Павел ІІ сапраўды набыў усенародную любоў.
“Гэта
быў вучоны, спартсмен, дыпламат, выдатны прапаведнік. Гэта быў чалавек, які заснаваў
Сусветныя дні моладзі. Напэўна, цяжка знайсці галіну, дзе б ён не праявіў сябе. Столькі
энцыклік, столькі прамоваў, столькі падарожжаў… Ён ішоў да чалавека. Ведаеце, працуючы
ў Расіі, дзе не так шмат католікаў, я бачыў, што людзі ехалі да яго, а потым вярталіся
і казалі “Ён змяніў мяне. Я застаюся праваслаўным, але я павінен змяніць сваё жыццё”.
Ён як магніт прыцягваў да сябе людзей. Таксама яго малітва, яго лекцыя пра падчас
адыходу з гэтага свету. Гэта былі рэкалекцыі для многіх, нават палітыкаў, якія дзесяцігоддзямі
не падавалі рукі адзін аднаму; на пахаванні яны зрабілі гэта. Ён нават пасля смерці
аб’ядноўвае людзей. Ян Павел ІІ першы ўвайшоў у сінагогу і мячэць. Гэта таксама вельмі
важна. Сёння мы жывем у плюралістычным свеце і трэба весці дыялог з людзьмі розных
веравызнанняў і цывілізацый. І ён гэта чыніў. Напэўна, усё гэта разам зрабіла яго
такім папулярным”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ян Павел ІІ быў чалавекам,
абраным Богам у адпаведны час. Ён добра прачытаў знакі таго часу і выкарыстаў магчымасці,
адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
прыходзіцца менавіта на Пантыфікат Яна Паўла ІІ. “ У краінах былога Савецкага Саюза
адбываліся сацыяльна-палітычныя змены, і Ян Павел ІІ выкарыстаў час, калі быў зменены
закон “Аб свабодзе веравызнання”. Таму і структуры, і біскупы Касцёла як у Беларусі,
так і ў былым СССР – гэта яго заслуга. Тыя чатыры дыяцэзіі, якія існуюць у Беларусі,
і большасць біскупаў яшчэ прызначаныя Янам Паўлам ІІ. Ён вельмі хацеў быць тут, але
не давялося. Можна шукаць многія прычыны, здагадвацца, але ў мяне асабіста ўзнікае
такое пытанне: “А можа мы былі не годныя?.. Сёння ён узносіцца да хвалы святых і напэўна
з акна дома Нябеснага Айца благаслаўляе ўсіх нас”, - адзначыў іерарх.
Кананазацыя
Яна Паўла ІІ і Яна XXIII адбудзецца 27 красавіка. У Ватыкане будзе прысутнічаць вялікая
дэлегацыя з Беларусі. А пасля кананізацыі, недалёка ад ватканскай плошчы ў 14.00 у
касцёле св. Ганны пройдзе Імша з удзелам беларусаў. А ўжо 18 мая, у 94-ю гадавіну
нараджэння Яна Паўла ІІ, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны
Марыі адбудзецца св. Імша падзякі за яго кананізацыю.