2014-04-17 13:50:18

Папа: святарская радасць паходзіць ад Бога і абараняецца вернікамі


RealAudioMP3 Касцёл патрабуе радасных святароў, верных Хрысту і Народу Божаму, адзначыў папа Францішак падчас св. Імшы Хрызмы, якую 17 красавіка 2014 г. цэлебраваў у базыліцы св. Пятра ў інтэнцыі ўсіх святароў у свеце. Да прысутных на Эўхарыстыі Пантыфік звярнуўся з доўгай і глыбокай гаміліяй, у цэнтры якой была тэма радасці святароў, якая з’яўляецца каштоўным дарам не толькі для іх саміх, “але і для ўсяго Божага народа”: вернага люду, сярод якога яны пакліканы быць намашчаным і да якога пасланы, каб намашчаць. Францішак падкрэсліў, што святар – “гэта асоба вельмі малая”, у параўнанні з “невымернай веліччу дара” пасвячэння. “Святар – самы бедны сярод людзей, калі Езус не ўзбагаціць яго сваёй беднасцю. Ён самы бескарысны слуга, калі Езус не называе яго сваім сябрам. Ён самы неразумны з людзей, калі Езус з цярплівасцю яго не навучыць, як Пятра. Ён самы бяздарны з хрысціян, калі Добры Пастыр не ўмацуе яго пасярод статку. Няма нікога меншага за святара, пакінутага толькі на яго ўласным сілам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец лічыць, што гэта “маласць” напаўняе святароў радасцю, якая, на яго думку, мае тры галоўныя рысы: з’яўляецца намашчаючай (якая не робіць ганарыстымі, велічнымі і саманадзейнымі), незнішчальнай і місійнай. Гэта радасць, паводле Папы абараняецца самім статкам, які давераны святару.

“Таксама і ў хвіліны смутку, калі ўсё здаецца цёмным і нас спакушае трывога ізаляцыі, у тыя апытычныя і смутныя моманты, якія часам здараюцца ў святарскім жыцці (праз якія я і сам прайшоў), таксама і ў тыя хвіліны Божы народ здольны да абароны радасці, ён у стане абараніць цябе, абняць, дапамагчы, каб адкрыць сэрца і зноў адшукаць радасць”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што святарская радасць таксама абараняецца “трыма сёстрамі”: сястрой беднасцю, вернасцю і паслухмянасцю.

“Святар бедны радасцю выключна чалавечай: ён адмовіўся ад многага! А таму што бедны, то даючы шмат іншым, павінен прасіць аб сваёй радасці Пана і верны Божы Народ. Не можа забяспэчыць ёй сябе самастойна. Мы ведаем, што наш народ шчодры на падзяку святарам за мінімальныя жэсты благаслаўлення і асабліва за сакрамэнты. Многія, кажучы аб крызісе святарскай ідэнтычнасці, не лічацца з тым, што ідэнтычнасць прадугледжвае прыналежнасць. Няма ідэнтычнасці – і тым больш радасці жыцця – без чыннай і дзейснай прыналежнасці да народа вернага Богу”, - сказаў Папа.

Гэту ідэнтычнасць, паводле Францішка, святар знаходзіць выходзячы з самога сябе. “Калі не выйдзеш з сябе, то алей стане прагорклым, а намашчэнне не будзе плённым. Выйсце з самаго сябе патрабуе агалення з самаго сябе, прадугледжвае беднасць”, - сказаў Папа.

Іншая крыніца святарскай радасці, на думку Святога Айца – гэта “вернасць адзінай Нявесце, Касцёлу”. Яна праяўляецца ў клопаце пра паству. “Духоўныя дзеці, якіх Пан дае кожнаму святару: тыя, каго ён хрысціў, сем’і, якія благаславіў і якім дапамагае крочыць, хворыя, якіх падтрымлівае, моладзь, з якой дзеліцца катэхезацыяй і выхаваннем, бедныя, якім дапамагае... гэта тая “Нявеста”, якую ён шчаслівы лічыць наканаванай і адзінай каханай і якой заўсёды па новаму павінен быць верным”, - сказаў Папа.

Такім чынам, паводле Святога Айца, гаворка ідзе пра “жывы Касцёл, з імем і прозвішчам, аб якім святар клапоціцца ў сваёй парафіі ці даверанай яму місіі”. “Менавіта ён дае яму радасць, калі захоўвае вернасць, калі робіць усё тое, што павінен і пакідае ўсё, што павінен пакінуць, каб трываць сярод авечак”, - сказаў Папа.

“Сястра паслухмянасць”, на думку Пантыфіка, гэта адкрытасць і гатоўнасць святара служыць іншым. “Адкрытасць святара чыніць з Касцёла Дом з адкрытымі дзвярыма, прытулак для грэшнікаў, сямейны дом для людзей, якія жывуць на вуліцы, дом апекі для хворых, летнік для моладзі, залу катэхізацыі для першакамунійных дзяцей. Там дзе Народ Божы мае якія-небудзь прагненні, там ёсць святар здольны слухаць і адчуваць любячы загад Хрыста, які яго паслаў з міласэрнасцю дапамагаць у дадзенай патрэбе ці падтрымліваць добрыя жаданні крэатыўнай любоўю”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй доўгай гаміліі Святы Айцец прамовіў асаблівую малітву за маладых святароў: “Захоўвай Пане ў сваіх маладых святарах радасць першых дзён, чынення ўсяго, як нечага новага, радасць прысвячэння свайго жыцця для Цябе”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.