2014-04-15 13:50:42

У Беларусі прызначаны Біскупскі вікарый для Магілёўскай вобласці


RealAudioMP3 Гістарычная падзея – у Беларусі прызначаны Біскупскі вікарый для Магілёўскай вобласці. Ім стаў біскуп Юрый Касабуцкі, які толькі восенню атрымаў біскупскае прызначэнне ад папы Францішка. Гэта абумоўлена ў тым ліку і тэрытарыяльнымі прычынамі – Мінска-Магілёўская архідыяцэзія мае вялікія памеры, аб’ядноўвае дзве вобласці. Калі гістарычна, то Магілёўская архідыяцэзія з XVIII ст. і да Кастрычніцкай рэвалюцыі была ўвогуле самай вялікай сярод каталіцкіх у свеце. Менавіта гістарычныя ўмовы таксама паўплываюць на тое, якое заданне бачыць сёння біскуп Юрый Касабуцкі ў сваёй пастырскай працы ў якасці Біскупскага вікарыя Магілёўскай вобласці.

“Ужо ў 1919 г. тэрыторыя Магілёўскай вобласці ўвайшла ў склад Расіі, дзе пачаліся ганенні на рэлігію і касцёлы пачалі разбурацца на 20 гадоў раней, чым на заходняй тэрыторыі Беларусі. Таму сёння там яшчэ, можна сказаць, Каталіцкі Касцёл адраджаецца. Не так шмат святароў і храмаў, не так многа законніц на гэтай тэрыторіі. Але мы спадзяемся, што дзякуючы намаганням і душпастырскай працы мы адчуем сябе адным цэлым, каб несці Хрыста людзям”, - адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Гэту навіну агучыў 15 красавіка 2014 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, падчас традыцыйнай перадпасхальнай прэс-канферэнцыі. Іерарх пачаў размову з журналістамі са спраў мінулых: нагадаў пра гістарычную падзею Касцёла ў Беларусі – прызначэнне трох новых біскупаў, плёны якой бачны ўжо сёння. А працягнуў будучымі падзеямі, якіх на гэта год запланавана шмат. Бліжэйшая – кананізацыя двух Пантыфікаў – Яна Паўла ІІ і Яна XXIII, якая адбудзецца ў Ватыкане 27 красавіка і куды адправіцца вялікая дэлегацыя з Беларусі. Кожная дыяцэзія арганізуе сваю пілігрымку на гэтую падзею.

Ужо летам адбудзецца другая, ужо Агульнацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю, для ўдзелу ў асвячэнні табліцы ў Назарэце з мазаічнай выявай абраза Маці Божай Будслаўскай. Таксама зараз актыўна ідзе падрыхтоўка да IV Праваслаўна-каталіцкага форума, сталіцай якога стане Мінск у пачатку чэрвеня. Прадстаўнічая канферэнцыя збярэ высокіх іерархаў з усёй Еўропы, каб вызначыць выклікі часу і знайсці інструменты для адказу на іх, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. “Мы спадзяемся, што разам будзе ад 25 да 30 праваслаўных і каталіцкіх біскупаў. Ян Павел ІІ казаў, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі – заходнім і усходнім. Гэты форум будзе пацвярджэннем гэтага запавету. Калі вырашалася месца і час правядзення, я прадстаўляў Беларусь і паведаміў пра міжканфесійную сітуацыю ў краіне, і ўсе прагаласавалі за Мінск. Таму гэта вялікі гонар для нас і прызнанне, што экуменічная сітуацыя ў Беларусі вельмі пазітыўная. Хтосьці назваў будучы форум малым экуменічным саборам. Няхай будзе так”, - дадаў арцыбіскуп.

Моладзевая сустрэча ў Івянцы, Будслаўскія ўрачыстасці – гэтыя ўжо традыцыйня падзеі адбудуцца і ў 2014 г. Спыталіся журналісты і аб кс. Уладзіславе Лазару. Арцыбіскуп паведаміў, што справа не закрыта, але ён на свабодзе і мае магчымасць выконваць свае непасрэдныя святарскія абавязкі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў годна падрыхтавацца да Пасхі. Прамая трансляцыя Пасхальнай Вігіліі на “Першым канале” 19 красавіка будзе праходзіць з віцебскай катэдры і ўзначаліць яе біскуп Алег Буткевіч. Радасці дадае таксама і тое, нагадаў іерарх, што ў гэтым годзе галоўную хрысціянскую ўрачыстасць і католікі, і праваслаўныя адзначаць адначасова.

Ларыса Абрамчук, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.