2014-04-14 13:41:53

Патрыярх Канстантынопальскі перад сустрэчай з папам Францішкам


RealAudioMP3 Прадстаяцелі Цэркваў павінны зрабіць рашучыя крокі да паяднання падзеленага хрысціянства і рэагаваць на неадкладныя патрэбы нашага часу, лічыць Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І. У маі ў Іерусаліме ён сустрэнецца з папам Францішкам. Праваслаўны іерах, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву італьянскага епіскапата, выказаў задавальненне тым, што Пантыфік прыняў яго прапанову аб спатканні ў Святой Зямлі ў 50-годдзе гістарычнай сустрэчы паміж папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам. “Дыялог любові”, які яны распачалі, прывёў да “дыялогу праўды” паміж дзвюма нашымі “брацкімі Цэрквамі”, сказаў Барталамей І. Сустрэча з Папам з’яўляецца важным імператывам, каб засведчыць агульныя імкненні і гаварыць у адзін голас, як Хрысціянскія Цэрквы Усходу і Захаду, аб праблемах, што перашкаджаюць жыццю вернікаў і ўсіх людзей ва ўсім свеце, падкрэсліў Патрыярх.

Ён нагадаў, што браў удзел у інаўгурацыі пантыфікату Францішка, чаго не адбывалася ніколі ў гісторыі. Пантыфік з’яўляецца лідэрам шчырым і альтруістычным, якому неабыякава пытанне падзелу хрысціян і пакут сённяшняга свету, лічыць Прадстаяцель. Ён прызнаў, што агульны шлях абедзвюх Цэркваў за апошнія 50 гадоў не быў лёгкі, але, нягледзячы на гэта, “дух братэрскай і паважлівай любові на шчасце заняў месца старой палемікі, правакаванай падазрэннямі і асуджэннем”. На тэалагічным узроўні нарадзілася некалькі важных сумесных дакументаў, якія сталі плёнам працы міжнароднай камісіі па дыялогу паміж Цэрквамі.

Шмат чаго яшчэ трэба зрабіць, і дарога будзе доўгай, аднак, трэба па ёй ісці, нягледзячы на цяжкасці, бо няма ніякай альтэрнатывы для яе, адзначыў Барталамей І перад сваім спатканнем са Святым Айцом Францішкам.







All the contents on this site are copyrighted ©.