Папская швейцарская гвардыя прыме ў свае шэрагі 30 навабранцаў
У Ватыкане 6 мая 2014
г. да прысягі будуць прыведзены 30 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі. Падчас
цырымоніі яны складуць клятву “верна, сумленна і высакародна служыць” папе Францішку
і яго пераемнікам. З 30 новых гвардзейцаў 20 паходзяць з нямецкамоўнай часткі Швейцарыі,
6 – з франкамоўнай і чатыры з італамоўнай, паведамляецца на інтэрнэт-старонцы Швейцарскай
гвардыі. Цырымонія прывядзення да прысягі пройдзе ў прысутнасці субстытута Апостальскай
Сталіцы арцыбіскупа Анджэла Бэчу. У цяперашні час каля 110 швейцарскіх гвардзейцаў
ахоўваюць Папу і Ватыкан.
Датай заснавання Папскай гвардыі можна лічыць 22
студзеня 1506 г., калі 150 гвардзейцаў пад камандаваннем капітана Каспара фон Зіленэна
прыбыла ў Рым па запрашэнні Папы Юлія ІІ. Папская гвардыя выконвае ганаровы абавязак
аховы Папы і Апостальскага Палаца, а таксама межаў дзяржавы Ватыкан. Яе члены суправаджаюць
Святога Айца ў замежных падарожжах.
Сапраўдным подзвігам, а таксама баявым
хрышчэннем найменшай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнаю арміяй
імператара Карла V падчас славутай аблогі Рыма («sacco di Roma») 6 мая 1527 г. Падчас
абароны Папы загінула 142 са 189 гвардзейцаў. Гэта была самая вялікая трагедыя ў гісторыі
Швейцарскай гвардыі. У памяць пра гэтыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца
6 мая.