2014-04-14 14:31:10

Кардынал-прэфект нагадаў каталіцкае вучэнне адносна сужэнства


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння яшчэ раз выказаўся супраць спроб рэлятывізацыі сужэнства ў імя міласэрнасці. Евангелле аб непарыўнасці гэтага сакрамэнту не павінна прадстаўляцца як “абстрактная тэорыя, якая не адыгрывае ніякай ролі ў практыцы Касцёла”, - сказаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер у інтэрв’ю сённяшняй “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. Сужэнства – гэта “Богам забяспечаная рэальнасць”, а не проста чалавечы ідэал. Іерарх не разумее імкненняў супрацьставіць прынцыпы касцёльнага навучання душпастырскай міласэрнасці. Усе адказныя асобы ў Касцёле павінны несці дапамогу ў гэтай галіне душпастырства. Нікога тут не можна назваць неміласэрным, сказаў ён. Хрысціянскае разуменне міласэрнасці прадугледжвае аўтарытэт Святога Пісання. Католікі, якія пасля разводу заключылі іншы саюз, паводле навучання Касцёла, не могуць прыступаць да св. Камуніі, нагадаў Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.

Кардынал Мюлер выключыў прыняцце практыкі Усходніх Цэркваў, некаторыя з якіх дазваляюць паўторны шлюб пасля разводу. Такі падыход каталіцкае веравучэнне заўсёды лічыла немагчымым, сказаў ён.

Іерарх, які да 2012 г. стаяў на чале Рэгенсбургскай дыяцэзіі, таксама пракаментаваў сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Германіі. Нягледзячы на вялікую колькасць пастыраў, катэхетаў і выкладчыкаў рэлігіі, ён “яшчэ не выпрацаваў адэкватную тэарэтычную і практычную рэакцыю на працэс секулярызацыі і плюралістычнае грамадства”, часткай якога з’яўляецца. Без жывой веры нават добрыя справы Касцёла ў доўгатэрміновай перспектыве будуць “губляць бляск”, папярэдзіў кардынал-прэфект.







All the contents on this site are copyrighted ©.