2014-04-13 14:54:22

Перэгрынацыя рэліквій Яна Паўла ІІ умацоўвае малітоўны дух і спрыяе навяртанням


RealAudioMP3 Кананізацыя бл. Яна Паўла ІІ, якая пройдзе на плошчы св. Пятра 27 красавіка 2014 г. адбудзецца праз дзевяць гадоў пасля смерці Пантыфіка. Гэта доўга для вернікаў, якія назвалі яго святым яшчэ ў дзень пахавання 8 красавіка 2005 г., але вельмі хутка для сучаснай гісторыі Касцёла. Пастулятар у кананізацыйным працэсе Яна Паўла ІІ кс. Славамір Одэр распавёў Ватыканскаму радыё, што падрыхтоўка да яго ўрачыстага абвяшчэння святым актыўна працягваецца. Вядома, што ў Рым збіраецца вялікая колькасць пілігрымаў, таму неабходна вырашыць вялікую колькасць арганізацыйных пытанняў. Але, паводле святара, усе гэтыя праблемы з’яўляюцца “другаснымі” у параўнанні з сардэчнай падзякай Богу за дар святасці Яна Паўла ІІ, за прыклад яго жыцця, які стаў яшчэ больш вядомы падчас працэсу кананізацыі.

Кс. Одэр распавёў, што па свеце працягваецца перэгрынацыя рэліквій будучага святога, якая спрыяе шматлікім навяртанням і ўмацоўвае малітоўны дух вернікаў. Паводле святара, перэгрынаццыя пачалася “спантанна”. Аб ёй папрасіла моладзь, і гэта – на яго думку – натуральна, улічваючы наколькі блізкія адносіны меў Папа з ёй. Упершыню адарацыя рэліквій адбылася падчас Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе ў 2011 г. Затым рэліквіі адправіліся ў Мексіку – краіну, якую Пантыфік наведаў першай, пасля свайго абрання на пасаду Біскупа Рыма. Кс. Одэр адзначыў, што перэгрынацыя працягнецца па краінах Паўднёвай і Паўночнай Амерыкаў, Еўропы і Афрыкі.

Пастулятар кананізацыйнага працэсу распавёў, што атрымаў ад вернікаў тысячы сведчанняў аб заступніцтве благаслаўлёнага Папы. Канешне, яны важныя, але не зусім адпавядалі кананічным крытэрыям неабходным для кананізацыі. Такім аднак стаў выпадак цудоўнага аздараўлення Фларыбэт Мора Дыяс з Коста-Рыкі. Ён быў даследваны і без сумніваў пацвердзіў заступніцтва святога, падзяліўся святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.