2014-04-11 11:33:54

Францішак: сатана існуе і ў ХХІ стагоддзі


RealAudioMP3 Вучыцца з Евангелля барацьбе са спакусамі злога, заклікаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 11 красавіка 2014 г. Пантыфік падкрэсліў, што з гэтымі спакусамі сустракаўся не толькі Езус, але сустракаюцца ўсе людзі, бо сатана “не хоча нашай святасці”. “Таксама і мы падвяргаемся спакусам, таксама і мы з’яўляемся аб’ектам нападак сатаны, таму што злы дух не хоча нашай святасці, не хоча хрысціянскага сведчання, не хоча каб мы былі вучнямі Езуса. А як дзейнічае дух зла, каб праз спакусы аддаліць нас ад шляху Езуса? Спакусы сатаны маюць тры характарыстыкі і мы павінны ведаць пра іх, каб не трапіць у пастку. (...) Спакуса пачынаецца павольна, але ўзрастае: заўсёды расце. Затым, узрастаючы, яна перадаецца іншым, спрабуе стаць супольнай. І напрыканцы, каб суцешыць душу, апраўдвае сябе. Узрастае, заражае і апраўдваецца”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, сатана напачатку прамаўляе да чалавека “як духоўны кіраўнік”, нібыта даючы парады, але калі яны адхіляюцца пачынаецца ціснуць мацней і мацней. Яго спакусы ахопліваюць іншых, як стала ў выпадку Езуса, калі сатана авалодаў Ягонымі ворагамі. Затым, паддаўшыся спакусе, людзі пачынаюць сябе апраўдваць, як рабілі фарысеі ў сінагозе, якія пачуўшы Хрыста імкнуліся пераканаць самі сябе кажучы: “Ведзь Ён сын цесляра Юзафа, сын Марыі! Ніколі не вучыўся ва універсітэце! Якой уладай Ён прамаўляе!”.

У якасці прыкладу частай спакусы, Папа назваў распаўсюджванне плётак. “Усе мы сустракаліся са спакусай пляткавання. Магчыма хтосьці з вас не, калі святы, але таксама і я падвяргаўся гэтай спакусе. Гэта штодзённая спакуса”, сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, многім можа падавацца неактуальнай размова пра сатану ў ХХІ ст, але ён заклікаў не быць наіўнымі, бо сатана існуе і неабходна вучыцца барацьбе з ім праз Евангелле.








All the contents on this site are copyrighted ©.