2014-04-10 13:11:48

Папа да студэнтаў і выкладчыкаў: захоўваць гармонію паміж вучобай і малітвай


RealAudioMP3 Тэолаг, які не моліцца і не аддае пашаны Богу становіцца апанаваным самым безгустоўным нарцысізмам, лічыць папа Францішак. 10 красавіка 2014 г. у Ватыкане ён сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі трох рымскіх папскіх навучальных устаноў, якія дзейнічаюць пад кіраўніцтвам Ордэна езуітаў – Грыгарыянскага універсітэта, Біблійнага і Усходняга інстытутаў. Пантыфік заклікаў сабраных цаніць духоўны і гістарычны патэнцыял Вечнага горада, а таксама памятаць аб важнасці гармоніі паміж вучобай і духоўным жыццём. Святы Айцец падкрэсліў, што ў Рыме захоўваецца памяць пра апосталаў і мучанікаў, “тут ёсць карані веры”, але, у той жа час, прысутнічае касцёльнае “сёння”. Гэтымі двума аспектамі, паводле Папы, трэба жыць і цаніць іх. Важным, на яго думку, з’яўляецца таксама ўзаемадзеянне паміж выкладчыкамі і студэнтамі, якія паходзяць з розных краін і культур. “Гэта адно з бясцэнных багаццяў рымскіх устаноў. Яно дае каштоўную магчымасць для росту ў веры і адкрыцця розуму і сэрца на гарызонт каталіцкасці. Унутры гэтага гарызонта дыялектыка паміж “цэнтрам” і “перыферыяй” набывае своеасаблівую евангельскую форму, паводле логікі Бога, Які прыйшоў у цэнтр з перыферыі, каб вярнуцца да яе”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што даследванні і адукацыя становяцца больш плённымі, калі натхняюцца любоўю да Хрыста і Касцёла, калі захоўваецца гармонія паміж вучобай і малітвай. “Філасофія і тэалогія дазваляюць набыць веды, якія стурктуруюць і ўмацоўваюць розум і асвятляюць волю. Але ўсё гэта становіцца плённым, калі здабываецца з адкрытым розумам і на каленях. Тэолаг, які задавальняецца сваім укамплектаваным і завершаным мысленнем – пасрэдны”, - сказаў Папа і дадаў, што добры тэолаг і філосаф заўсёды адкрыты на веліч Бога і праўду; ён развіваецца і імкнецца да пазнання.

Святы Айцец пажадаў, каб Папскія навучальныя ўстановы не былі “проста машынамі для вытворчасці тэолагаў і філосафаў”, але супольнасцямі, у якіх можна ўзрастаць. Рост адбываецца ў сям’і, адзначыў Францішак і заклікаў спрыяць таму, каб універсітэцкія супольнасці адпавядалі гэтаму паняццю праз блізкі кантакт і ўзаемадзянне паміж усімі іх членамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.