2014-04-10 11:50:34

Папа: гандаль людзьмі – злачынства супраць чалавецтва


RealAudioMP3 Гандаль людзьмі – гэта рана на целе сучаснага чалавецтва і рана на целе Хрыста, лічыць папа Францішак. 10 красавіка 2014 г. ён сустрэўся з удзельнікамі ІІ Міжнароднай канферэнцыі на тэму гандлю людзьмі, якая праходзіла ў Ватыкане 9-10 красавіка 2014 г. Форум быў арганізаваны Папскай акадэміяй сацыяльных навук і Канферэнцыяй Біскупаў Вялікабрытаніі. Ініцыятарам яго правядзення выступіў сам Святы Айцец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 120 экспертаў з 22 краін свету, а таксама прадстаўнікі Інтэрпола і Еўрапола. Звяртаючыся да сабраных, Папа назваў гандаль людзьмі “злачынствам супраць чалавецтва”. “Сам факт нашай прысутнасці тут з мэтай аб’яднання сіл, азначае жаданне, каб стратэгіі і кампетэнцыі суправаджаліся і ўмацоўваліся евангельскім суперажываннем, блізкасцю да людзей, якія сталі ахвярамі гэтага злачынства”, - падкрэсліў Францішак. Ён назваў канферэнцыю не проста падзеяй, але жэстам з боку Касцёла і людзей добрай волі, якія жадаюць сказаць феномену гандлю людзьмі рашучае “хопіць”.

Святы Айцец высока ацаніў удзел у форуме прадстаўнікоў двух розных падыходаў да барацьбы з гандлем людзьмі – паліцэйскіх і прадстаўнікоў гуманітарных арганізацый. Прыярытэтам першых з’яўляецца барацьба са злачыннасцю з дапамогай закона, а другіх – аказанне дапамогі і дзяленне чалавечым цяплом з ахвярамі, адзначыў ён. “Гэта два розныя падыходы, але яны могуць і павінны ісці разам”, - сказаў Папа і заклікаў удзельнікаў канферэнцыі да супрацоўніцтва. Той факт, што ватыканскае мерапрыемства на тэму гандлю людзьмі праходзіць ужо другі раз, на думку папы Францішка, сведчыць аб яе важнасці для ўмацавання такога ўзаемадзяння.








All the contents on this site are copyrighted ©.