2014-04-10 13:13:49

Пантыфік: сёння існуе дыктатура адной думкі


RealAudioMP3 “Нават сёння існуе дыктатура адной думкі”, якая забівае “свабоду людзей, свабоду народаў, свабоду сумлення”. Трэба маліцца і чуваць, каб не дапусціць гэтага, лічыць Святы Айцец. У сваёй гаміліі 10 красавіка 2014 г. падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты ён засяродзіўся на паставе Абрагама, які адказаў на заклік Бога, выйшаўшы са сваёй роднай зямлі, і супрацьпаставіў ёй падыход фарэсеяў. Апошнія сталі халоднымі выканаўцамі закону, выдаліўшы з яго Божую цеплыню. Фарысеі закрылі свае сэрцы і розумы перад тым новым, што прыносіць Бог. “Калі сэрца закрыта, яно закрывае розум, а калі сэрца і розум закрытыя, няма месца для Бога”, - адзначыў Святы Айцец. На самой справе, запаведзі, гэта тое, што дапамагае нам пазбегнуць памылак на нашым шляху да Езуса. Закрыты розум не здольны да дыялогу, да шматлікасці меркаванняў. У фарысеяў, на думку Папы, было нешта большае за ўпартасць, гэта было “ідалапаклонства ўласнай думкі”.

“Гэтыя людзі мелі адну думку і хацелі навязаць яе Божаму народу”, і менавіта за гэта Езус папракае іх, сказаў Святы Айцец. Дыктат адной думкі прынёс чалавеку на працягу гісторыі шматлікія няшчасці, асабліва ў мінулым стагоддзі з яго палітычнымі рэжымамі. Сёння таксама, адзначыў Папа, “існуе ідалапаклонства адной думкі”. Калі чалавек не думае так, як яму навязваюць, яго называюць не сучасным і не адкрытым, або яшчэ горш. Сённяшняя дыктатура адной думкі падаўляе свабоду народа, сумлення, адносін з Богам, і, такім чынам, “нанова ўкрыжоўвае Езуса”.

Заклік Пана перад гэтай дыктатурай, сказаў Пантыфік, “гэта заўсёды тое ж самае: чувайце і маліцеся”; не купляйце рэчаў, якія не служаць дабру. Гэта дапаможа трымаць сэрца адкрытым для Бога і прымаць у свабодзе Яго слова.







All the contents on this site are copyrighted ©.