2014-04-09 11:06:32

Францішак павысіў значэнне Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў да больш актыўнага ўдзелу дыяцэзіяльных біскупаў у жыцці Паўсюднага Касцёла і больш глыбокага і дакладнага практыкавання сінадальнай калегіяльнасці. Аб гэтым Святы Айцец напісаў у лісце, апублікаваным 8 красавіка 2014 г., да генеральнага сакратара Сінода Біскупаў, кардынала Ларэнца Балдзісэры. Папа пацвердзіў такім чынам значэнне гэтай ватыканскай дыкастэрыі як “каштоўнай спадчыны” ІІ Ватыканскага Сабору. Ён лічыць, што сёння больш, чым калі-небудзь, патрэбна адраджэнне цеснай сувязі паміж пастырамі Касцёла. Толькі такім чынам касцёльная супольнасць можа лепш рэалізавацца і больш эфектыўна выконваць сваё “бязмежнае заданне”.

Ліст Пантыфіка быў скіраваны ў сувязі з біскупскай намінацыяй падсакратара Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў кс. Фабіа Фабэнэ. 55-гадовы святар быў прызначаны на гэту пасаду два месяцы таму. З біскупскім прызначэннем, патлумачыў Святы Айцец, ён хацеў узняць значэнне асамблеі біскупаў, бо звычайна намеснікам генеральнага сакратара быў святар. Таксама далучэннем Ларэнца Балдзісэры да Калегіі кардыналаў у лютым 2014 г. Францішак умацаваў значэнне гэтай ватыканскай дыкастэрыі.

Наступны Сінод Біскупаў пройдзе ў кастрычніку 2014 г. і будзе прысвечаны душпастырству сям’і. Генеральны сакратарыят займаецца падрыхтоўкай да асамблеі. Адным з яе пунктаў сталі анкеты, разасланыя ўсім біскупскім канферэнцыям, для глабальнага даследавання на тэму сужэнства і сям’і.







All the contents on this site are copyrighted ©.