2014-04-09 11:35:50

Папа патрабуе спынення насілля ў Сірыі


RealAudioMP3 На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак нагадаў, што 7 красавіка 2014 г. у сірыйскім Хомсе быў забіты айцец Франс ван дэр Люгт – 75-гадовы езуіт з Галандыі. Святы Айцец нагадаў, што яго сабрат прыбыў у Сірыю яшчэ 50 гадоў таму, і там ён “з бескарыслівасцю і любоўю прыносіў шмат дабра ўсім і за гэта быў любімы і паважаны як хрысціянамі, так і мусульманамі”. “Яго брутальнае забойства напоўніла мяне глыбокім болем і яшчэ раз прымусіла падумаць пра многіх людзей, якія пакутуюць і гінуць у гэтай змучанай краіне, якая ўжо на працягу доўгага часу з’яўляецца ахвярай крывавага канфлікту, што працягвае прыносіць смерць і нішчыць”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што думае таксама пра шматлікіх выкрадзеных людзей, хрысціян і мусульман, сірыйцаў і замежнікаў, сярод якіх ёсць біскупы і святары. “Папросім Пана, каб яны як хутчэй маглі вярнуцца да сваіх блізкіх, сем’яў і супольнасцяў”, - звярнуўся Пантыфік.

“Ад усяго сэрца запрашаю вас далучыцца да маёй малітвы за мір у Сірыі і рэгіёне, і заклікаю сірыйскіх палітыкаў і міжнародную супольнасць – няхай змоўкне зброя і прыйдзе канец насіллю! Няхай больш не будзе вайны! Няхай больш не будзе знішчэння! Няхай паважаецца гуманітарнае права, здзяйсняецца клопат аб насельніцтве, патрабуючым гуманітарнай дапамогі, і няхай пажаданы спакой наступіць праз дыялог і прымірэнне”, - заклікаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.