2014-04-08 13:02:59

Пантыфік: крыж – гэта не аздоба, а Божая таямніца


RealAudioMP3 Чалавек не можа самастойна выйсці са свайго граху, адзначыў Святы Айцец. 8 красавіка 2014 г. падчас гаміліі на ранішняй Эўхарыстыі ён прапанаваў свае разважанні над фразай Хрыста, скіраванай да фарысеяў: “памрэце ў грахах вашых”. Яны верылі ў Божае прабачэнне, але разам з тым былі самаўпэненымі, ператварылі рэлігію ў культуру каштоўнасцяў і вызначаных паводзін. Хрысціянства – гэта не філасофскае вучэнне, гэта не праграма выжывання, спосаб адукаванасці, канцэпцыя міру, адзначыў Пантыфік і дадаў, што гэта проста наступствы. “Хрысціянства – гэта асоба, чалавек, Які ўзняўся на крыжы, Які знішчыў сябе, каб збавіць нас – стаў грахом”, - падкрэсліў ён, гаворачы аб Хрысце. “Не можна зразумець хрысціянства, не разумеючы гэтага глыбокага прыніжэння Сына Божага, Які ўпакорыў сябе і стаў слугой да смерці, смерці крыжовай”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што ў чалавека няма іншай рэчы, якой можна было б ганарыцца, апрача духоўнай беднасці. Але, дадаў ён, дзякуючы Божай міласэрнасці, мы атрымалі магчымасць ганарыцца Хрыстом укрыжаваным. Сэрцам збаўлення з’яўляецца Сын Божы, які ўзяў на сябе ўсе нашы грахі, нашы самаўзвышэнне і ганарыстасць. Хрысціянін, які не ведае, што такое ганарыцца ўкрыжаваным Хрыстом, не разумее, што значыць быць хрысціянінам, лічыць Папа.

Крыж, падкрэсліў Святы Айцец, гэта не аздоба, якая змяшчаецца ў храмах, не сімвал, што адрознівае нас ад іншых. “Крыж з’яўляецца таямніцай, таямніцай Бога, Які прыніжае сябе, стновіцца “нічым”, становіцца грахом”, - адзначыў ён. “Твой грэх знаходзіцца ў крыжы”, - звярнуўся Пантыфік да сабраных у капліцы Дому св. Марты і заклікаў кожнага шукаць свой грэх у ранах Пана, дзякуючы якім ён быў адкуплены.







All the contents on this site are copyrighted ©.