2014-04-07 10:58:28

Святы Айцец прыняў рашэнне адносна будучыні Ватыканскага банка


RealAudioMP3 Пантыфік прыняў рашэнне адносна будучыні Інстытута рэлігійных спраў – Ватыканскага банка. Ён пацвердзіў “важнасць місіі” гэтай фінансавай установы для Каталіцкага Касцёла, Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Рашэнне было прынята на падставе дакладаў, прадстаўленых профільнымі ватыканскімі камісіямі, якія ў апошні час працавалі над праектам пераўтварэнняў у Ватыканскім банку, гаворыцца ў паведамленні, якое распаўсюдзіла 7 красавіка 2014 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Папа прыняў рашэнне, што Інстытут рэлігійных спраў “будзе і надалей з уважлівасцю несці сваё служэнне, прадастаўляючы спецыялізаваныя фінансавыя паслугі Каталіцкаму Касцёлу ва ўсім свеце”. “Каштоўныя паслугі, прапанаваныя Інстытутам, маюць на мэце садзейнічанне Святому Айцу ў яго місіі ў якасці паўсюднага пастыра, а таксама дапамогу тым установам і асобам, якія супрацоўнічаюць з ім у яго служэнні”, - гаворыцца ў паведамленні.

Пантыфік звярнуўся з просьбай да кардынала Джорджа Пэла, старшыні Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, і Эрнста фон Фрэйберга, дырэктара Ватыканскага банка, распрацаваць спецыяльны план па інтэграцыі Інстытута ў новыя фінансавыя структуры Святога Пасаду. Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан быў прадпісаны далейшы кантроль за дзейнасцю Ватыканскага банка.

У паведамленні падкрэсліваецца, што вырашальнае значэнне для будучыні Інстытута рэлігійных спраў будуць мець працэсы, распачатыя ў 2012-13 гг. па павышэнні празрыстасці і істотным паскарэнні фінансавых аперацый.







All the contents on this site are copyrighted ©.