2014-04-07 13:04:08

"Легіён Марыі" у Беларусі адзначае 20-годдзе свайго служэння


RealAudioMP3 “Вера без спраў мёртвая” – гэтай ісцінай з евангельскага паслання св. апостала Якуба і кіруюцца ўдзельнікі “Легіёна Марыі”. Каталіцкая супольнасць, якая ў свеце налічвае больш за 13 млн. чалавек, існуе ў Беларусі ўжо два дзесяцігоддзі – у жніўні 2014 г. будзе адзначацца юбілей яе прабывання ў краіне. Сёння беларускі “Легіён” налічвае каля тысячы членаў. Палова на палову – дамапаможныя, тыя, хто моліцца, і актыўныя – тыя, хто выконвае розныя заданні. Аднак, як кажуць удзельнікі руха, у прынцыпе ўсе яны маюць адну місію – несці Божае слова людзям, паведаміла Галіна Калевіч, старшыня каміцыўма “Легіёна Марыі” у Беларусі.

“Сапраўды, яшчэ многія людзі не ведаюць Езуса Хрыста. Бывае такое, што паказваем жанчыне абраз Езуса Міласэрнага, а яна пытаецца, хто гэта. У шпіталі паміраў мужчына і прасіў, каб мы навучылі яго рабіць знак крыжа. Вось і такая наша праца – ходзім у шпіталі, у асноўным анкалагічныя, гінекалагічныя. У нас ужо шмат дзетак, якіх мы выратавалі ад аборту, і старэйшым ужо 17-19 гадоў. Таксама ходзім у паркі, скверы, размаўляем з моладдзю аб чысціні, бо гэты свет тоніць у граху і амаральнасці”, - сказала Галіна Калевіч у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Шпіталі, дамы састарэлых, турмы, інтэрнаты і школы – вось тыя месцы, якія сістэматычна наведваюць “легіянеры”. Пазнаёміць з імем Бога на самым пачатку ці дапамагчы спазнаць Хрыста амаль у апошнія хвіліны жыцця – актывісты супольнасці сутыкаюцца з рознымі выпадкамі і людзьмі, у тым ліку з крытыкай ці поўным адмаўленнем рэлігіі. Часта іх сустракаюць зусім не з распасцёртымі абдымкамі, але менавіта гэта і ёсць, як кажуць, іх поле дзейнасці. Вера і павінна быць дзейснай, паўтарае Мікола Бадрусёў, удзельнік супольнасці. Ён прыйшоў да Каталіцкага Касцёла праз выпрабаванні і зараз ведае напэўна, што і справы без веры – простая трата часу. У мінскай парафіі Божага Цела, дзе таксама існуе група “Легіёна Марыі”, Мікола апякуецца некалькімі састарэлымі ўдзельнікамі руху, наведвае дзяцячы сацыяльны цэнтр, а таксама дамы або кватэры простых людзей у сваім раёне.

“Мы ходзім па кватэрах, сустракаем католікаў і даем нават інфармацыю, што касцёл знаходзіцца ў нашым раёне. Напрыклад, бабульку (каталічку) нават прывялі да шлюбу, яна ўсё жыццё пражыла без касцёльнага шлюбу, а ў такім сталым узросце павянчалася. І даведалася, што нават і хадзіць далёка не трэба – касцёл побач. Я асабіста таксама размаўляю з людзьмі на вакзале. Сутракаюцца сектанты, “сведкі Яговы”, напрыклад. Адну дзяўчыну мы пераканалі адысці ад іх, і яна зараз праходзіць катэхізацыю і рыхтуецца да хросту”, - сказаў Мікола Бадрусёў.

“Легіён Марыі” быў створаны ў ірланскім Дубліне па ініцыятыве Фрэнка Дафа ў 1923 г. Апякаць кожную душу і працаваць для кожнага чалавека – гэта, магчыма, адрознівае супольнасць ад іншых каталіцкіх рухаў ці свецкіх дабрачынных аб’яднанняў. А яшчэ тое, што за 93 гады свайго існавання “Легіён” даказаў дзейснасць і вернасць абранаму шляху. Невыпадкова 27 сакавіка 2014 г. Апостальская Сталіца афіцыйна прызнала супольнасць “Легіён Марыі” у якасці міжнароднай асацыяцыі вернікаў з юрыдычным статусам, прадугледжаным кананічным правам. 20 гадоў таму ў Беларусі “Легіён” ствараўся па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка, падтрымліваў суствены рух і благаслаўлёны Ян Павел ІІ, узгадвае гісторыю Галіна Калевіч.

“Я хачу працытаваць Яна Паўла ІІ: “Ваша духоўнасць – гэта цалкам Марыйная духоўнасць. Вы імкнецеся служыць у духу і з клопатам Марыі кожнай чалавечай асобе, якая з’яўляецца вобразам Хрыста”. І мы маем гэтыя словы ў сэрцы. Таксама хочацца ўзгадаць словы кардынала Казіміра Свёнтэка, які сказаў, што “Легіён Марыі” у Беларусі – супольнасць, якая выдатна сдае экзамін на сваю веру. Сапраўды, запрашаеш людзей у супольнасць, а ня многія хочуць ісці і несці слова Божае людзям, бо гэта не так лёгка, паверце, не лёгка”, - прызналася спадарыня Калевіч.

Яшчэ асабліваць “легіянераў” у тым, што ў большасці не маючы спецыяльнай тэалагічнай адукацыі, асабістым прыкладам і знойдзенымі ў час патрэбнымі словамі, яны дасягаюць галоўнага выніку, якім з’яўляецца навяртанне да Бога. Колькасць “Легіёна” у Беларусі прыкладна застаецца аднолькавай – сталыя адыходзяць ад спраў, але прыходзіць моладзь – надзея і натхненне, смяецца Галіна Калевіч. Супольнасць мае нават моладзевыя і дзяцячыя групы, якія таксама ўносяць сваю, і зусім не дзіцячую, лепту ў евангелізацыйную місію. А разам з гэтым прапануюць новыя ідэі для далейшай працы.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.