Пантыфік павіншаваў новага Прадстаяцеля Сірыйскай Праваслаўнай Царквы
Пажаданні далейшага
развіцця братніх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой
выказаў папа Францішак у віншавальнай тэлеграме на імя яе новага Прадстаяцеля, Патрыярха
Ігнацыя Яфрэма II. “З вялікай радасцю, я прыняў навіну аб выбары Вашага Свяцейшаства
на Патрыярха Антыяхійскага і ўсяго Усходу і Вярхоўнага Прадстаяцеля Паўсюднай Сірыйскай
Праваслаўнай Царквы”, - напісаў Святы Айцец. Ён дадаў, што “свае найлепшыя пажаданні
і малітоўную салідарнасць” перадае таксама духавенству і вернікам Царквы, молячыся,
каб “Святы Дух надарыў сваім багатым бласлаўленнем ганаровае служэнне” новага Патрыярха.
Францішак
пажадаў, каб ён быў “духоўным айцом свайго народа і нястомным будаўніком спакою і
справядлівасці, служачы агульнаму дабру і дабру ўсяго Блізкага Усходу ў сённяшніх
цяжкіх умовах”. Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе хрысціяне павінны даваць сведчанне
любові і супольнасці”, памятаючы малітву Хрыста падчас Апошняй Вячэры аб адзінстве
сваіх вызнаўцаў.
Пантыфік падзякаваў Усемагутнаму Богу за сувязь братэрства,
якая існуе паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой і выказаў надзею,
што сяброўства і дыялог паміж двума Цэрквамі будуць паглыбляцца.
Ігнацый Яфрэм
II быў абраны Патрыярхам Антыяхійскім і ўсяго Усходу 31 сакавіка 2014 г. Ён стаў наступнікам
Патрыярха Ігнацыя Закі І Іваса, які памёр 21 сакавіка 2014 г. ва ўзросце 80-ці гадоў.
На сённяшні дзень Сірыйская Праваслаўная Царква налічвае каля 4 млн. вернікаў, якія
пражываюць пераважна ў Сірыі, Ліване і Іраку. Яна з’яўляецца монафізіцкай і адносіцца
да “нехалкедонскіх” Цэркаваў, якія не прынялі вучэнне Халкедонскага Сабора ў 451 г.
аб падвойнай прыродзе Хрыста – Боскай і чалавечай.