2014-04-04 13:36:28

Францішак: прарокаў прымушаюць замоўкнуць і таму пераследуюць


RealAudioMP3 Папа Францішак нагадаў, што абвяшчэнне Евангелля заўсёды звязана з пераследамі і заклікаў вернікаў не баяцца іх. Пантыфік звярнуўся да гэтай тэмы падчас ранішняй Эўхарыстыі 4 красавіка 2014 г. Ён нагадаў, што пераслед прарокаў характэрны для ўсіх перыядаў гісторыі, бо яны заўсёды ўказваюць на памылкі і заклікаюць вярнуцца на “шлях Божы”, што не падабаецца маючым уладу. Прарокі падштурхоўваюць выйсці з “закрытага рэлігійнага асяроддзя” і змагаюцца са спробамі пасадзіць Святога Духа ў клетку. За гэта яны падвяргаюцца пераследу, як і здарылася з Езусам, адзначыў Папа.Са смерцю і ўваскрасеннем Хрыста гэта сітуацыя не змянілася: пераследы працягваюцца і звонку і ўнутры Касцёла, адзначыў Францішак і прывёў у прыклад гісторыю аднаго благаслаўлёнага, не назваўшы яго імя, кнігі якога забараняліся і да канца жыцця ён быў пазбаўлены магчымасці прапаведваць, але нядаўна быў беатыфікаваны. Тыя, хто меў уладу, жадалі прымусіць яго маўчаць, бо ім не падабалася тое, што ён казаў. Але сёння Касцёл, “дзякуй Богу, здольны пакаяцца”, і таму гэты чалавек абвешчаны благаслаўлёным, адзначыў Папа. Паводле Францішка, многія святыя перажылі пераслед, таму што былі сапраўднымі прарокамі.

Святы Айцец нагадаў пра сітуацыю ў многіх краінах свету, дзе пад пагрозай смерці забаронена мець дома Евангелле, вучыць Катэхізісу, маліцца разам. Здараюцца сітуацыі, што людзі вымушаны рабіць выгляд, што святкуюць дзень нараджэння, каб сабрацца на супольную Эўхарыстыю, а калі бачаць паліцэйскага, хаваюць усе літургічныя прылады, каб не падвергнуцца пераследу, звярнуў увагу Папа.

Гісторыя пераследу – гэта шлях Пана і тых, хто ідзе за Ім, адзначыў Пантыфік і нагадаў, што да ўваскрасення абвязкова трэба прайсці праз крыж, якім для многіх з’яўляецца менавіта пераслед.








All the contents on this site are copyrighted ©.