2014-04-04 13:29:50

Прапаведнік Папскага дома: скарыстацца магчымасцю сяброўства з Езусам


RealAudioMP3 Аб Езусе “сапраўдным Богу і сапраўдным чалавеку ў адной асобе” казаў 4 красавіка 2014 г. прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса ў сваім чацвёртым велікапостным казанні для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі. Абапіраючыся на навучанне св. Льва Вялікага, ён падкрэсліў, што неабходна перайсці да яснага ўсведамлення таго, што Езус, гэта асоба, “якая жыве і стаіць перада мной”. На думку прапаведніка, сёння для большасці вернікаў Збаўца з’яўляцца не больш чым аб’ектам дыскусій, успамінам з мінулага, наборам догмаў ці ерытычных поглядаў, у лепшым выпадку тым, хто узнёсся на Неба і вернецца напрыканцы часоў. Але гэта памылковы погляд – Езус з’яўляецца сябрам, які ўваскрос і жыве, і з Ім трэба мець адпаведныя адносіны.

Айцец Канталамеса заўважыў, што Езусу, “сапраўднаму чалавеку”, было ўласціва адно з самых шляхетных чалавечых пачуццяў – сяброўства. Ён, калі вёў зямное жыццё, нягледзячы на тое, што любіў усіх, меў сяброўскія адносіны толькі з некаторымі людзьмі, напрыклад з Лазарам і яго сёстрамі ці св. Янам. Сёння аднак, пасля ўваскрасення, Ён больш не абмежаваны целам і таму дае магчымасць кожнаму чалавеку пасябраваць з сабой, у поўным сэнсе гэтага слова. Айцец Канталамеса пажадаў, каб Святы Дух дапамог вернікам з радасцю скарыстацца гэтай цудоўнай магчымасцю, якая робіць жыццё поўным.








All the contents on this site are copyrighted ©.