2014-04-03 12:40:48

Францішак: малітва павінна быць мужнай, настырнай і аргументаванай


RealAudioMP3 Малітва – гэта барацьба з Богам, якая перамяняе сэрца, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 3 красавіка 2014 г. У цэнтры гаміліі Пантыфіка было біблійнае апавяданне пра дыялог Майсея з Богам на гары Сінай. Пан жадаў пакараць свой народ за тое, што той зрабіў сабе ідала, але Майсей усімі сіламі імкнуўся пераканаць Яго не рабіць гэтага. Паводле Святога Айца, тут была сапраўдная барацьба з Богам. Дзеля збаўлення свайго народу Майсей размаўляў з Панам настырна, свабодна і аргументавана. Менавіта такой, на думку Папы, павінна быць хрысціянская малітва: мужнай, свабоднай і трывалай. Тады яна прынясе плёны, як гэта адбылося ў выпадку з Майсеем. Святое Пісанне кажа: “І адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць свайму народу”, але гэта не азначае, што Бог змяніўся, падкрэсліў Францішак.

Паводле Святога Айца, у дадзенай сітуацыі змяніўся не Бог, а Майсей. Прадстаўляючы Пану розныя аргументы, нагадваючы колькі дабра Бог зрабіў свайму народу, ён сам пераканаўся, наколькі Стварыцель багаты міласэрнасцю. І з гэтай перакананасцю ў сэрцы вярнуўся з гары Сінай да свайго народа: “Бог – міласэрны. Здольны прабачаць. Адмяняе свае рашэнні. Ён – Айцец”, - сказаў Папа. Паводле яго, пра ўсё гэта Майсей першапачаткова ведаў, але глыбока пераканаўся менавіта размаўляючы з Богам. У гэтым плён малітвы – яна змяняе сэрца.

Францішак падкрэсліў, што малітва дапамагае зразумець, які на самой справе Бог. Для гэтага, аднак, трэба размаўляць з Ім не пустымі словамі, як “робяць язычнікі”, але прадстаўляючы канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі і праблемы, шукаючы Божай дапамогі. Размаўляць з Богам трэба як з сябрам, нават крыху вымагаючы ад Яго, як рабіў Майсей, лічыць Папа. Так, акрамя большага знаёмства з Богам, можна атрымаць таксама вялікае натхненне. А гэта, на думку Пантыфіка, таксама адзін з плёнаў малітвы.








All the contents on this site are copyrighted ©.