Пантыфік далучыў да спісу святых трох благаслаўлёных
Папа Францішак далучыў
да спісу святых і пашырыў на ўвесь Касцёл літургічны культ трох благаслаўлёных: канадскага
біскупа Франсуа дэ Лаваля, іспанскага езуіта і місіянера кс. Хасэ дэ Анчыеты, а таксама
канадскай законніцы Марыі ад Уцелаўлення. Адпаведнае рашэнне Святы Айцец прыняў 3
красавіка 2014 г. Франсуа дэ Лаваль нарадзіўся ў 1623 г. у Францыі ў заможнай і пабожнай
каталіцкай сям’і. Нёс святарскае служэнне ў розных французскіх дыяцэзіях, вылучаўся
сціпласцю, аскетызмам і глыбокай верай. У 1659 г. адправіўся на місіі ў Канаду, дзе
стварыў шматлікія парафіі, адкрыў шпіталі, школы, семінарыю ў Квэбэку, заснаваў некалькі
жаночных манаскіх супольнасцяў. Франсуа дэ Лаваль бараніў правы карэннага насельніцтва
і захоўваў вернасць Папе, нягледзячы на ціск, які на яго аказваўся з боку прыхільнікаў
стварэння незалежнага ад Рыма “французскага Касцёла”. Праз дзесяць гадоў пасля атрымання
біскупскай сакры сышоў на пенсію і жыў у беднасці і малітве ў квэбэкскай семінарыі,
дзе і памёр ва ўзросце 85 гадоў ў 1708 г. У 1980 г. ён стаў адным з першых благаслаўлёных,
беатыфікаваных Янам Паўлам ІІ.
Марыя ад Уцелаўлення таксама мела французскае
паходжанне і працавала ў Канадзе. Яна нарадзілася на мяжы ХVI-ХVII ст. Была жонкай
і маці, але пасля смерці мужа даверыла сына пад апеку сваёй сястры і ўступіла ў манаскую
супольнасць “Рымскі саюз Ордэна св. Уршулі”. З 1639 г. выконвала служэнне ў канадскім
Квэбэку, дзе заснавала кляштар і новую галіну сясцёр-уршулянак.
Іспанскі святар
Хасэ дэ Анчыета вядомы як апостал Бразіліі. Ён прыбыў у гэту краіну праз 53 гады пасля
яе адкрыцця, у 1553 г. Хутка вывучыў мову мясцовых індзейцаў і актыўна абвяшчаў Евангелле
сярод іх. Місіянер лічыцца заснавальнікам такіх вялікіх бразільскіх гарадоў як: Сан-Паўлу
і Рыа-дэ-Жанейра.
Акрамя таго папа Францішак зацвердзіў дэкрэты, пацвярджаючыя
цуды праз заступніцтва пяці благаслаўлёных і гераічнасць цнотаў васьмі Слуг Божых:
біскупаў, святароў, законнікаў, законніц і свецкіх вернікаў з Італіі, Іспаніі, Індыі,
Францыі і Бразіліі.