Недалёка ад Мінска адновяць “Беларускую кальварыю”
У парафіі Маці Божай
Шкаплернай у Мядзелі распачынаюць аднаўляць “Беларускую кальварыю” – 14 капліц, якія
сімвалізуюць Крыжовы шлях Езуса Хрыста. Гэта духоўная і культурная каштоўнасць, якіх
некалькі ў свеце, а ў Беларусі яна адзіная. Гісторыя “Беларускай кальварыі” распачалася
яшчэ ў XVIII ст., кажа брат Андрэй Журко з мядзельскай парафіі: “Першую Кальварыю
айцы пабудавалі ў XVIII ст. У Польшчы ёсць такая Забжыдоўская Кальварыя, ёсць у Ерузалеме
Крыжовы шлях – гэткі ж Крыжовы шлях пабудавалі і тут у Мядзелі. Гэта было прыблізна
27 капліц, з дапамогай якіх – як і ў кожным касцёле – была паказана мука Хрыста. Толькі
гэта было выяўлена ў капліцах, якія пачыналіся ад касцёла і выходзілі за мястэчка
Мядзель. Але пасля Лістападаўскага паўстання гэтыя капліцы знішчылі, айцы таксама
адгэтуль выехалі. Але пазней, у ХІХ ст., айцы вярнуліся сюды і наноў адбудавалі Крыжовы
шлях, але капліц было ўжо крыху менш, чым першы раз. Пасля вайны, за гады камунізму
і гэтая кальварыя была знішчана, а касцёл закрыты. Ну і зараз маем такое прагненне
наноў адбудаваць Кальварыю, трэці раз ужо”.
Паводле брата Андрэя, адпаведна
распрацаванаму праекту адноўленая “Беларуская кальварыя” будзе распачынацца ўваходнай
“Брамай прабачэння” і складацца з 14 капліц памерам тры на два з паловаю метры. Цэгла,
камень і дрэва – асноўныя матэрыялы, з якіх будуць вырабленыя капліцы і выявы Крыжовага
шляху. Размесцяцца яны на тэрыторыі двух кіламетраў у ваколіцы Мядзеля і маюць стаць
візітоўкай горада.
Мясцовыя ўлады выдзелілі зямлю, а будоўля распачнецца на
ахвяраванні парафіянаў і дабрачынцаў. Менавіта вернікі спрычыніліся да ідэі аднаўлення
святыні, кажа брат Андрэй: “Калісьці яна была вельмі слынная – Кальварыя. Шмат людзей
збіралася, з Вільні прыходзілі пілігрымы. А ў 1995 г. ізноў аднавіўся гэты культ Кальварыі
– людзі самі сталі збірацца і паставілі крыжы ў гэтых месцах. І ад 1995 г. людзі збіраюцца
двойчы на год, таксама прыходзяць пілігрымы. І мы, айцы кармеліты, адчуваем такую
патрэбу, што Кальварыя павінна аднавіцца. І таму вось у гэтых месцах, дзе зараз стаяць
крыжы, і будзем будаваць новыя капліцы. Таксама ёсць гара Трох крыжоў – з яе бачныя
прыгожыя краявіды Нарачы, Мядзельскага возера. На гэтай гары маем вялікі палявы алтар,
дзе адпраўляем св. Імшу падчас урачыстасці. Будзем таксам аднаўляць гэтыя крыжы –
паставім адзін вялікі крыж вышынёю 9 метраў і два меншыя, каб аднавіць гэтую Крыжовую
гару”.
“Беларускую кальварыю” у Мядзелі аднаўляюць айцы з ордэна Кармелітаў
Босых, якія працуюць у шасці парафіях Беларусі. Але духоўна іх намаганні падтрымліваюць
таксама іншыя святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пра важнасць аднаўлення рэлігійнай
каштоўнасці кажа пробашч парафіі ў вёсцы Крывічы Мядзельскага раёну айцей Віктар Шчучко,
які сам родам з Мядзеля: “Кальварыя – гэта месца, дзе, як ведаем, Пан Езус цярпеў
на крыжы і памёр за нашыя грахі. Як бачыце – для людзей гэта вельмі важна. Бо многія
сёння жывуць багаццем гэта света, але жыць трэба і тым, чаго ад нас чакае Езус Хрыстус.
А менавіта – жыць па-праўдзе і дапамагаць адно аднаму. Праз гэта ўзрастае дух чалавека
і вельмі многія людзі навяртаюцца да Пана Бога, становяцца лепшымі”.
Будаўніцтва
“Беларускай кальварыі” айцы кармеліты маюць распачаць у маі, а завершыць ўжо восенню.
14 верасня – у свята Узвышэння Святога Крыжа – яны плануюць асвяціць адноўлены Крыжовы
шлях Езуса Хрыста, прымеркаваўшы ўрачыстасць да 260-годдзя мядзельскага касцёла Маці
Божай Шкаплернай.