2014-04-02 12:26:35

Святы Пасад правядзе канферэнцыю на тэму аўтызму


RealAudioMP3 Да актыўнай дапамогі людзям з расстройствамі ў спектры аўтызму заклікаў арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай Рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. 2 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Іерарх лічыць, што быць салідарнымі з хворымі можна і трэба праз сумесныя дзеянні ў кантэксце дапамогі, інфармацыі, камунікацыі і навучання, спрыяючы тым самым пераходу да правільнага разумення і прыняцця захворвання, якое абсалютна не адмаўляе або не падрывае годнасці кожнага чалавека.

Арцыбіскуп заклікаў дапамагаць сем’ям, якія змагаюцца з гэтай праблемай. Яе можна пераадолець праз інтэграцыю ў грамадстве, перамагаючы ізаляцыю і бар’еры, створаныя ў выніку забабонаў і паталогій. Такім чынам будзе створана аснова для надзеі, якая не вядзе да ізалявання чалавека з аўтызмам або яго сям’і, але умацоўвае і сілкуе супрацоўніцтва і ўзаемны давер у імя салідарнасці.

Ватыканскі терарх паведаміў, што традыцыйная Міжнародная канферэнцыя, арганізаваная Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, сёлета будзе прысвечана тэме “Аўтызм – хвароба са шматлікімі тварамі. Нараджаючы надзею”. Сем’і, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і інтэграцыі, навукоўцы, эксперты і спецыялісты з усяго свету сустрэнуцца, каб абмеркаваць існуючыя праблемы і распрацаваць канкрэтныя меры.

Менавіта салідарнасць, блізкаць і неабыякавасць, паводле арцыбіскупа Зімоўскага, могуць абудзіць і ўмацаваць надзею, якая дапаможа хворым і іх сем’ям перажыць моманты адчаю і безнадзейнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.