2014-04-02 12:16:41

Парады для добрага сужэнскага жыцця


RealAudioMP3 Сакрамэнт сужэнства вядзе нас да самага сэрца Божага плану, які з’яўляецца Яго планам саюза са сваім народам, планам адзінства, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 2 красавіка 2014 г. Сакрамэнту сужэнства Святы Айцец прысвяціў сённяшнюю катэхезу – апошнюю з цыкла прысвечанага сямі сакрамэнтам. Пантыфік нагадаў, што на заканчэнне біблійнага апавядання пра стварэнне гаворыцца: “І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну; Таму чалавек пакіне свайго бацьку і маці і прылепіцца да сваёй жонкі, і стануць яны адным целам” (Быц 1,27; 2,24). “Вобраз Божы, гэта сужэнская пара, мужчына і жанчына, абодва, а не толькі мужчына і не толькі жанчына. Абодва! І гэты вобраз Божы, любоў, саюз Бога з намі, прысутны тут, прадстаўлены ў саюзе паміж мужчынам і жанчынай. І гэта цудоўна! Мы створаны, каб любіць, як алюстраванне Бога і яго любові”, - сказаў Папа.

Францішак патлумачыў, што, калі мужчына і жанчына злучаюцца сакрамэнтам сужэнства, сам Бог адлюстроўваецца ў іх: накладае на іх адбітак уласнай асаблівасці і непарушны характар сваёй любові, таму што сам з’яўляецца адзінствам трох асобаў – Айца, Сына і Духа Святога, Якія спрадвеку і заўсёды жывуць у дасканалай еднасці. У гэтым таямніца сужэнства – яно чыніць з двух сужонкаў адно існаванне, якое Біблія называе “адным целам”, адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што святы Павел параўноўвывае саюз хрысціянскіх сужонкаў з адносінамі, якія існуюць паміж Хрыстом і Касцёлам, Яго нявестай.
“Сужонкі, на самой справе, сілай сакрамэнта, уключаюцца ў сапраўдную і ўласную місію, таму што нават простымі і звычайнымі рэчамі могуць зрабіць бачнай любоў, якой Хрыстус любіць Касцёл, працягваючы дарыць жыццё для яго, у вернасці і служэнні”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што Божая задума адносна сакрамэнту сужэнства спаўняецца нават у складаных сітуацыях, якія часта здараюцца ў сужэнскім жыцці. Тут важна захоўваць жывой сувязь з Богам, якая з’яўляецца фундаментам сужэнскай сувязі, сказаў Папа. “Калі сям’я моліцца, сувязь захоўвацца. Калі муж моліцца за жонку і жонка моліцца за мужа, гэта сувязь умацоўваецца”, - сказаў Папа.

Пантыфік пагадзіўся, што ў сямейным жыцці часта здараюцца праблемы, звязаныя з дзецьмі, працай ці недахопам грошай. Па гэтай прычыне сужонкі нярэдка сварацца і часам нават дома “лятаюць талеркі”. Перад абліччам такіх сітуацый Папа чарговы раз параіў ніколі не заканчваць дзень не памірыўшыся. “Каб памірыцца не абавязкова звяртацца да ААН, каб прыбыла ў дом і ўсталявала мір! Дастаткова маленькага жэсту, пяшчоты”, - з гумараў параіў Святы Айцец і нагадаў пра тры галоўныя словы, якія павінны абавязкова прысутнічаць у сужэнскім жыцці: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”.

Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік традыцыйна звярнуўся да моладзі, хворых і маладых сужонкаў. Ён нагадаў, што 2 красавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Францішка з Паолы, пустэльніка. Ён заклікаў вучыцца ў яго таму, што пакора – гэта сіла, а не слабасць, што трэба нястомна прасіць дапамогі ў Пана, паважаць адно аднаго і аказваць узаемную падтрымку.








All the contents on this site are copyrighted ©.