2014-04-01 12:13:16

Папа назваў безыніцыятыўных хрысціян “людзьмі пад наркозам”


RealAudioMP3 Папа заклікаў вернікаў спыніць фармалізм, перамагчы духоўную ляноту і выйсці асабіста абвяшчаць Евангелле. 1 красавіка 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы Францішак разважаў над фрагментам Евангелля, у якім апісваецца гісторыя сустрэчы Езуса з паралізаваным на працягу 38 гадоў чалавекам. Збаўца аздараўляе яго, чым выклікае хвалю крытыкі з боку фарысеяў, бо гэта была субота. У гэтай гісторыі, паводле Папы, можна назіраць сур’ёзныя духоўныя захворванні. Перш за ўсё, гэта адсутнасць энтузіязму. Таксама хвароба ляноты або нават апатыі, якая часта завалодвае хрысціянамі. Гэта пастава “паралізуе апостальскі запал” і робіць вернікаў безыніцыятыўнымі – “людзьмі пад наркозам”. Гэта анестэзія, сказаў Папа, чыніць хрысціян закладнікамі ляноты і эгаізму. У евангельскай гісторыі, адзначыў Пантыфік, праяўляецца і іншы грэх, калі Езуса крытыкуюць за тое, што вылечваў хворых у суботу – гэта грэх фармалізму. Апошні не пакідае месца для Божай ласкі ў жыцці чалавека. Хрысціяне, якія паддаліся фармалізму, ператварыліся ў крывадушнікаў. Яны зачыняюць дзверы перад Божай ласкай, якая дзейнічае заўсёды, а не толькі ў вызначаныя дні, “зачыняюць дзверы перад збаўленнем”.

Гэта спакусы, якія заўсёды будуць стаяць перад хрысціянамі, падкрэсліў Святы Айцец, але мы павінны навучыцца абараняць сябе перад імі. Перш за ўсё, трэба навучыцца выходзіць да людзей і, так, як Езус, пытацца пра іх раны, каб дапамагчы іх загаіць, а затым сказаць: “больш не грашы”. “І гэта па-хрысціянску”, лічыць Папа. Ён зноў прызнаўся, што бачыць Касцёл у сённяшняй сітуацыі “палявым шпіталём”, дзе можа атрымаць аздараўленне паранены чалавек.







All the contents on this site are copyrighted ©.