2014-03-31 15:58:15

Падрабязнасці кананізацыі Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 Кананізацыі благаслаўлённых Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ будуць папярэднічаць малітоўнае чуванне і сустрэча моладзі, расказаў 31 сакавіка 2014 г. Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Агасціна Валіні падчас прэс-канферэнцыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Падчас яе былі прадстаўлены асноўныя падзеі звязаныя з урачыстасцю, якая пройдзе на плошчы св. Пятра 27 красавіка. Кардынал Валіні расказаў, што начное чуванне пройдзе непасрэдна перад самой кананізацыяй, а моладзевая сустрэча 22 красавіка, у базыліцы св. Яна на Латэране. Пурпурат назваў кананізацыю “святам святасці” і звярнуў увагу на важнасць яе “духоўнага паслання”.

У сваю чаргу, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі нагадаў, што для ўдзелу ў кананізацыі не трэба мець спецыяльнага білету і на ёй могуць прысутнічаць усе жадаючыя. Самой цырымоніі будзе папярэднічаць малітва Вяночкам да Божай міласэрнасці і чытанне некаторых тэкстаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Сярод канцэлебрантаў Эўхарыстыі будзе каля тысячы кардыналаў і біскупаў, а каля 700 святароў будуць раздаваць Святую Камунію. Кс. Ламбардзі не выключыў магчымасці прысутнасці на кананізацыі Папы па пенсіі Бэнэдыкта XVI.

Езуіт распавёў таксама, што падчас кананізацыі будзе выкарыстаны той самы рэліквіярый Яна Паўла ІІ, які ужываўся падчас яго беатыфікацыі, а для рэліквій Яна ХХІІІ будзе зроблены аўтэнтычны. На цырымоніі будуць прысутнічаць две асобы аздароўленыя праз заступніцтва Яна Паўла ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.