2014-03-29 09:44:15

Францішак: навяртанне павінна працягвацца ўсё жыццё


RealAudioMP3 Навяртанне – гэта не пытанне аднаго моманту, але намаганне, якое здзейсняецца на працягу ўсяго жыцця, адзначыў папа Францішак падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы св. Пятра 28 сакавіка 2014 г. У яго рамках Пантыфік асабіста паспавядаў некаторых вернікаў і сам прыступіў да сакрамэнту пакаяння. Пакутнае набажэнства дало пачатак велікапостнай акцыі Папскай рады па новай евангелізацыі “24 гадзіны для Пана”, падчас якой у трох цэнтральных рымскіх касцёлах – св. Агнешкі, Найсвяцейшай Марыі Панны на Трастэвэры і Найсвяцейшых Ран Езуса, бесперапынна, на працягу сутак, спавядалалі каля 60 святароў. “Хто сустракаецца з Божай міласэрнасцю, падштурхоўваецца стаць будаўніком міласэрнасці паміж апошнімі і беднымі”, - нагадаў Папа і дадаў, што ў гэтых “самых малых” братах, сам Езус чакае. “Пойдзем на сустрэчу з Ім! І будзем святкаваць Пасху ў радасці Божай!”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што падчас Вялікага посту “Касцёл, у імя Божае, зноў заклікае да навяртання”, што з’яўляецца “заклікам да перамены жыцця”.
У першую чаргу, важна наследаваць галоўныя элементаў хрысціянскага жыцця: “пераапрануцца ў новага чалавека” і “трываць у любові”, лічыць Пантыфік. “Новае жыццё дазваляе глядзець на рэчаіснасць іншымі вачыма”, не прывабленымі рэчамі, якія таго нявартыя і часовыя. “Таму, мы пакліканы пакінуць грахоўныя паводзіны і засяродзіць позірк на істотным”, - сказаў Папа.

“З сэрца чалавека абноўленага паводле Бога, паходзяць добрыя паводзінны: казаць заўсёды праўду і пазбягаць хлусні; не красці, але дзяліцца тым, што маеш з іншымі, асабліва з тымі, хто ў патрэбе; не паддавацца гневу, злапомснасці і жаданню помсты, але быць ціхімі, велікадушнымі і гатовымі да прабачэння; не ўпадаць у зласлоўе, якое знішчае добрае імя асобы, але глядзець пераважна на станоўчыя бакі кожнага”, - заклікаў Папа.

Гаворачы пра неабходнасць “трывання ў любові” Францішак указаў на прыклад самаго Бога, які “ніколі не стамляецца любіць” і заўсёды чакае сваіх дзяцей. Паводле Папы, Бог заклікае вернікаў жыць такой любоўю паміж сабой і гэта зробіць іх сведчанне аб Хрысце больш пераканаўчым для свету. “Любоў не можа заставацца закрытай у самой сабе. Па сваёй прыродзе яна адкрытая, распаўсюджваецца і прыносіць плёны, нараджае новую любоў”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.