Францішак выказаў жаданне наведаць рэгіён Калабрыя
Папа Францішак жадае
наведаць італьянскую дыяцэзію Касана-алла-Ёніа на поўдні Італіі, паведаміў 29 сакавіка
2014 г. мясцовы біскуп і нядаўна прызначаны Пантыфікам сакратар Канферэнцыі Біскупаў
Італіі Нунцыа Галанціна. Падчас сустрэчы з духавенствам і свецкімі вернікамі дыяцэзіі
іерарх расказаў, што Папа падзяліўся сваім жаданнем з ім падчас прыватнай аўдыенцыі
27 сакавіка. Паводле іерарха, канкрэтная дата візіту Святога Айца будзе вызначана
пазней. Дыяцэзія Касана-алла-Ёніа знаходзіцца ў рэгіёне Калабрыя, недалёка ад узбярэжжа
Міжземнага мора. Яна налічвае каля 17 тыс. вернікаў. Францішак ужо звяртаўся да іх
з просьбай “забраць” іх пастыра, калі вырашыў прызначыць біскупа Нунцыа Галанціна
сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі 28 снежня 2013 г. “Я не меў яшчэ задавальнення
пазнаёміцца з вамі асабіста, але спадзяюся змагу зрабіць гэта ў бліжэйшы час”, - напісаў
Пантыфік вернікам у спецыяльным пасланні. Адначасова Папа заклікаў біскупа Галанціна,
прынамсі час ад часу наведваць сваю дыяцэзію і працягваць суправаджаць паству на шляху
веры.