2014-03-28 12:59:03

Святы Айцец: споведзь – велізарны падарунак Касцёлу ад Бога


RealAudioMP3 Галоўным героем служэння ў сакрамэнце пакаяння з’яўляецца Святы Дух, нагадаў папа Францішак удзельнікам курсу для святароў, арганізаванага Апостальскай Пэнітэнцыярыяй і прысвечанага практычным аспектам сакрамэнту споведзі. Ён праходзіў у Рыме ў мінулыя дні. Пантыфік нагадаў, што спаведнікі павінны быць “людзьмі Святога Духа”, сведкамі і прапаведнікамі ўваскрасення Пана. Гэта сведчанне, паводле яго, можна прачытаць на твары святара і пачуць у яго голасе. Прычым, спавяднік павінен адзначацца не проста сентыментальнасцю або эмацыянальнасцю, але быць сведкам Божай міласэрнасці. У яго павінна быць свядомасць, што з’яўляецца тым, хто “перадае новае жыццё Уваскрослага і аднаўляе ласку хросту”. Вернікі часта адчуваюць цяжкасці з практыкаваннем споведзі, заўважыў Святы Айцец, па гэтай прычыне, дадаў ён, святару неабходна шмат працаваць над сабой, сваімі чалавечымі якасцямі, каб ніколі не быць перашкодай на гэтым шляху. Ён павінен асцерагацца двух крайнасцяў: рыгарызму і папушчальніцтва. “Споведзь з’яўляецца не абвінаваўчым судом, але досведам прабачэння і міласэрнасці!”, - падкрэсліў Папа. Ён назваў сакрамэнт пакаяння “велізарным падарункам Касцёлу” ад Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.