Беларускія біскупы і святары вучыліся працаваць са СМІ і адказваць на крызісныя сітуацыі
Вучыцца ніколі не
позна і заўсёды цікава – з такімі ўражаннямі вярнуліся беларускія біскупы і святары
з семінара, які прайшоў у Інстытуце фармацыі маладых журналістаў у нямецкім Мюнхене.
У форуме ўдзельнічала даволі прадстаўнічая дэлегацыя з Беларусі, 8 чалавек – усе біскупы-ардынарыі
і адказныя за СМІ з кожнай дыяцэзіі. Іх задачай было набыць навыкі зносін прадстаўнікоў
Касцёла з медыя. Аб гэтай неабходнасці афіцыйна было аб’яўлена яшчэ на II Ватыканскім
Саборы, які нават прыняў дэкрэт аб выкарыстанні сродкаў масавай камунікацыі ў жыцці
Касцёла, справе евангелізацыі і данясенні праўды Евангелля да людзей, нагадаў арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Сёння ўсе цудоўна ведаюць, што
казання з амбоны мала, амбонай могуць стаць і мас-медыя – радыё і тэлебачанне, а таксама
электронныя, якімі карыстаецца ў большасці моладзь.
На СМІ як на сродак новай
евангелізацыі не аднойчы звяртаў увагу і папа Францішак, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
“Ад самых першых дзён свайго пантыфікату ён часта спатыкаецца з журналістамі. Нават
па дарозе на Сусветныя дні моладзі ў Бразілію Папа сустракаўся з прэсай на борце самалёта.
Потым адбылася яго сустрэча з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па сродках
масавай камунікацыі. Ён выразна падкрэслівае, што СМІ з’яўляюцца інструментам новай
евангелізацыі. Аб гэтым сведчыць і яго Апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”,
дзе ён кажа, што Евангелле павінна быць не цяжарам, а радасцю, і гэтаму могуць таксама
спрыяць СМІ”, - адзначыў іерарх.
Тры дні тэорыі і практыкі – святары і біскупы
з Беларусі атрымалі і спецыфічна журналісцкія веды – аб тыпах інтерв’ю, “стэндапа”,
а таксама пазнаёміліся з таямніцамі працы за “кадрам” – якую вопратку лепш надзець
для тэлезварота, як трымаць мікрафон, як адказваць на падступныя і нечаканыя пытанні
і ў адказе не загнаць самога сябе “у кут”. Шмат новага і цікавага нават для тых, хто
часта сустракаецца з журналістамі, прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч. Бо гэта цэлая
навука, якую можна спасцігнуць на асабістым вопыце працы. Але лепш ведаць аб гэтых
нюансах загадзя і лепш разумець заданне, якое стаіць сёння перад прадстаўнікамі Касцёла,
да якіх звяртаюцца СМІ з тым ці іншым пытаннем: у час падаць праўдзівую інфармацыю,
ацаніць сітуацыю, быць заўсёды “у курсе справы” і забыцца на паняцце “no comment”,
якое не робіць добры імідж прэс-сакратару ці іншаму святару.
“Для гэтага
трэба распачаць з семінарыі, дзе павінны звяртаць увагу на тэарытычную і практычную
падрыхтоўку. Таксама святары павінны быць з СМІ на “ты”, яны павінны разумець, што
гэта інструмент іх працы, канкрэтнай працы. Таму заданне стаіць вельмі вялікае. Вядома
ў вялікіх гарадах больш магчымасцяў працаваць са СМІ, але і большыя патрабаванні,
і ў далёкай парафіі святар не павінен забывацца пра медыя”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Быць адкрытымі на зносіны, зацікаўленымі ў пошуку новых форм евангелізацыі,
не стаяць на месцы ў развіцці сваіх рэлігійных медыя і развіваць супрацоўніцтва са
свецкімі – вось задачы, якія стаяць і перад тымі, хто з’яўляецца правадніком паміж
Касцёлам і журналістамі. Адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
кс. Юрый Санько таксама ўдзельнічаў у семінары. Быць больш ініцыятыўнымі, першымі
выходзіць з прапановамі да СМІ і вучыцца правільна рэагаваць у крызісных абставінах
– гэта тыя тры кіты, на якіх павінна трымацца прэс-служба Касцёла, лічыць святар.
“Семінар быў прысвечаны ў большай меры крызісным сітуацыям. Не можа быць так,
што мы імкнемся паказаць сябе толькі “беленькімі”, распавядаць прыгожа пра нейкія
святы і ўрачыстасці, калі ўсё цудоўна, а калі крызісная сітуацыя, мы абстрагіруемся
і менш з’яўляемся ў СМІ. Гэты семінар паказаў, як мы павінны ставіцца да гэтага, як
павінны працаваць адказныя за сувязі са СМІ, якія ёсць сёння ў кожнай дыяцэзіі. Як
рэагаваць на крытычныя інтэрв’ю пра Касцёл, як нават прадухіць такія часта фальшывыя
матэрыялы”, - адзначыў святар.
Праца са СМІ павінна быць сур’ёзнай і сістэмнай
– семінар толькі пацвердзіў гэта. Трэба сказаць, што ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі
для гэтага будзе створаны адмысловы медыя-цэнтр, і першыя крокі для гэтага ўжо былі
зроблены – у кожнай дыяцэзіі былі прызначаны адказныя за сувязі са СМІ.