2014-03-27 10:42:01

Святы Айцец заклікаў італьянскіх палітыкаў адкрыцца на Бога


RealAudioMP3 У часы Езуса быў кіруючы клас, які аддаліўся ад народа, пакінуў яго, і быў няздольны на іншае акрамя наследвання ўласнай ідэалогіі і паглыблення ў карупцыю, адзначыў папа Францішак у сваёй гаміліі падчас ранішняй св. Імшы 27 сакавіка 2014 г. У Эўхарыстыі з Пантыфікам, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, прынялі ўдзел 493 члены італьянскага парламента. Звяртаючыся да сабраных, Папа нагадаў, што ўсе сілы кіраўнікоў народа ў часы Хрыста былі скіраваны на абарону ўласных інтарэсаў і ўнутраныя “войны”. Таму, калі аб’явіўся Месія, яны яго не прызналі, і больш за тое, абвінавацілі ў тым, што Ён аздараўляе сілай сатаны. “Сэрца гэтага народа, гэтай групкі, з часам зацвярдзела настолькі, што для іх было немагчыма пачуць голас Пана. І з грэшнікаў яны пераўтварыліся ў людзей сапсаваных, а такім вельмі складана вярнуцца назад. Грэшніку – магчыма, таму што Пан міласэрны і чакае ўсіх, але сапсаваныя засяроджаны на сваіх сапсаваных рэчах. Таму яны сябе апраўдвалі, бо Езус праз сваю прастату і сілу Божую перашкаджаў ім”, - адзначыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “асобы, якія памыліліся дарогай” супраціўляліся збаўленню праз Божую любоў, адкінулі яе і сталі адэптамі “тэалогіі абавязку”, а не “тэалогіі веры і свабоды”. “У дыялектыцы свабоды ёсць добры Пан, які нас вельмі любіць! Але ў логіцы абавязку няма месца для Бога: усё трэба рабіць, менавіта трэба... Яны пераўтварыліся ў людзей добрых манераў, але кепскіх звычак. Езус іх называў, “пабеленымі трунамі”, - адзначыў Папа, гаворачы пра кіруючы клас у часы Хрыста.

Паводле Святога Айца, Вялікі пост нагадавае пра тое, што Бог любіць усіх і таму неабходна “прыкласці намаганні, каб адкрыцца” на Яго. Ён заклікаў падумаць пра заклік Пана да любові і ісці шляхам збаўлення, якое прыходзіць праз “тэалогію веры”, а не “тэалогію абавязку”.








All the contents on this site are copyrighted ©.