2014-03-27 13:16:45

Апостальскі нунцый у Беларусі выказаў салідарнасць з армянскім насельніцтвам Сірыі


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі, выказаў сваю заклапочаннасць драматычнай сітуацыяй у сірыйскім Кесабе, горадзе з армянскім насельніцтвам каля мяжы з Турцыяй. Некалькі дзён таму мясцовасць падвергнулася нападу ўзброенных людзей, якія прыбылі з турэцкай тэрыторыі. У сувязі з небяспекай для свайго жыцця многія жыхары Кесаба былі вымушаны пакінуць свае дамы і шукаць прытулку ў іншых сірыйскіх гарадах. Папскі дыпламат, які да свайго прызначэння ў Беларусь нёс служэнне ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане, скіраваў спецыяльнае пасланне да Патрыярха Каталіцкай Царквы армянскага абраду Нэрсэса Бедраса ХІХ. “Уяўляю, колькі пакутаў павінна была знесці гэта моцная, кветнеючая і мужная супольнасць, якая мае вялікае гістарычнае значэнне”, - напісаў ён. Арцыбіскуп Гуджэроцці выказаў сваю “хрысціянскую і чалавечую блізкасць, адзінства і сардэчную салідарнасць" да сірыйскіх армян і паабяцаў ім сваю малітву, каб Бог захаваў іх “ад новых пакутаў, спыніў руку агрэсараў, навярнуў іх сэрцы і суцешыў закранутых насіллем”.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці мае блізкую сувязь з армянскім народам. За сваю дыпламатычную дзейнасць, а таксама за шматгадовую навуковую працу па вывучэнні армянскай культуры і духоўнасці ён атрымаў дзяржаўную ўзнагароду Рэспублікі Арменія і ордэн Армянскай Апостальскай Царквы “Святога Нэрсэса Шноралі”. У 2012 г. былі апублікаваны два даследванні ватыканскага дыпламата ў галіне арменалогіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.