2014-03-26 10:26:24

Святы Айцец заклікаў католікаў і мусульман працаваць разам на карысць міру


RealAudioMP3 Інтэгральнае развіццё асобы і грамадства патрабуе, каб хрысціяне і паслядоўнікі ісламу былі ў стане “працаваць разам на карысць міру і агульнага дабра”, лічыць папа Францішак. Ён скіраваў зварот на восьмую ісламска-хрысціянскую малітоўную сустрэчу, якая прайшла 25 сакавіка 2014 г. у ліванскім Ямхуры. У Ліване ўрачыстасць Звеставання Пана ўжо чацвёрты год з’яўляецца нацыянальным святам. У тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна Святы Айцец заклікаў хрысціян і мусульман працаваць разам для інтэгральнага развіцця народа і будавання грамадства.

Як падкрэсліў айцец Мігель Анхель Аюса Гіксот, сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і віцэ-прэфект Камісіі па рэлігійных сувязях з мусульманамі, падчас малітоўнай сустрэчы ў Ліване: дыялог з’яўляецца двухбаковай камунікацыяй, якая звязана з уменнем гаварыць і слухаць, дарыць і атрымліваць, жаданнем духоўна ўзаемаабагачацца. Дыялог, паводле яго, заснаваны на вызнаванні сваёй веры і адкрытасці на рэлігію іншага чалавека, і гэта не мае нічога супольнага са “здрадай місіі Касцёла” або “новым метадам навяртання на хрысціянства. Міжканфесійны дыялог засноўваецца на чатырох кітах: жыцці, працы, тэалагічным абмене і рэлігійным досведзе.

Спасылаючыся на папу Францішка, айцец Аюса падкрэсліў агульную пабожнасць хрысціян і мусульман, звязаную з Дзевай Марыяй, якая “некалькі разоў згадваецца ў Каране”. Паводле сакратара Папскай рады, Яна з’яўляецца мадэллю дыялогу, таму што вучыць нас верыць не з самаўпэўненасцю, але адкрытасцю на іншых. І такая пабожнасць, адзначыў святар, стварае “сяброўскія пачуцці” і “заахвочвае да супрацоўніцтва і салідарнасці” паміж дзвюма супольнасцямі, “як дзецьмі аднаго Бога, што належаць да адной чалавечай сям’і”.







All the contents on this site are copyrighted ©.