2014-03-26 10:50:13

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння выказаўся на тэму перадсінадальных дыскусій


RealAudioMP3 Ніхто не павінен выкарыстоўваць Папу ў сваіх мэтах. Задачай Кангрэгацыі Веравучэння з’яўляецца абарона Святога Айца ад такога роду спробаў, сказаў Ватыканскаму радыё кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект дыкастэрыі. Ён спаслаўся на дыскусіі, якія папярэджваюць Сінод Біскупаў на тэму сям’і і зводзяцца ў асноўным да сітуацыі разведзеных, якія жывуць у не-сакрамэнтальных саюзах. Кардынал Мюлер абверг, што паміж ім і Францішкам адбыўся канфлікт па гэтай праблематыцы. На самой справе, гэта Кангрэгацыя Веравучэння стаіць у абароне Папы ад фальшывых інтэрпрэтацый. “Мы служым Папу і Касцёлу, не выкарыстоўваем Пантыфіка ў сваіх мэтах”, - сказаў кіраўнік адной з найбольш важных кангрэгацый. Кардынал Мюлер таксама заклікаў добра адрозніваць, якую вагу маюць тыя ці іншыя галасы ў перадсінадальных дэбатах.

“Я ўдзельнічаю ў гэтай дыскусіі не ў прыватным парадку, як тэолаг, але ў сілу маёй пасады. Кангрэгацыя Веравучэння з’яўляецца адзінай рымскай кангрэгацыяй, якая прымае непасрэдны ўдзел у дактрынальнай функцыі Папы”, - сказаў кардынал Мюлер. Паводле яго, іншыя, хто выказваецца на гэту тэму, нават калі яны кардыналы, могуць гаварыць выключна ад свайго імя, і іх заявы не носяць афіцыйнага характару.

Спасылаючыся на перадсінадальнае апытанне, іерарх прызнаў, што гэта можа дапамагчы ў дыскусіі, але не павінна разглядацца ў якасці догмы. Мы заўсёды павінны памятаць словы Езуса, сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, флірт з грамадскай думкай, гэта спакуса, якой павінны быць у стане супрацьстаяць усе біскупы і святары.







All the contents on this site are copyrighted ©.