2014-03-24 12:32:24

Францішак: збаўленне прыходзіць праз пакору, а не выкананне прадпісанняў


RealAudioMP3 Мы не збавімся толькі праз выкананне запаведзяў. Патрэбна пакорнае ўсведамленне таго, што мы пастаянна патрабуем Божага аздараўлення, лічыць папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі 24 сакавіка 2014 г. Пантыфік пахіліўся над літургічнымі чытаннямі, у якіх ішла гаворка пра аздараўленне двух асоб: Наамана Сірыйца і ўдавы з Сарэпты Сідонскай. Абодва ў пакоры прызнавалі сваю слабасць перад Богам і былі адкрытыя на Яго дапамогу. У сваю чаргу, назаране, якіх Хрыстус сустрэў у сінагозе, былі ўпэўнены ў сабе і збаўленні праз фармальнае выкананне запаведзяў. Паводле Папы, у гэтым заключаецца драма выканання запаведзяў без веры. Назаране думалі, што могуць збавіцца самі, наведваючы сінагогу кожную суботу і выконваючы запаведзі, але збаўленне прыходзіць да тых, хто мае пакору, можа адчуць сябе бедным і прызнаць сваю патрэбу ў збаўленні праз Бога. “Толькі Ён збаўляе, а не наша выкананне прадпісанняў”, - сказаў Папа і дадаў, што “калі хочам быць збаўленыя, мы павінны выбраць шлях пакоры”.

Францішак нагадаў, што Марыя ў гімне “Магніфікат” не праслаўляла Бога за тое, што Ён ацаніў яе дабрыню, дзявоцтва ці іншыя цноты, але таму, што Пан узглянуў на яе пакору. “На гэта глядзіць Пан. І мы павінны навучыцца гэтай мудрасці прыніжэння, каб Пан нас знайшоў”, - сказаў Пантыфік. Папа падкрэсліў, што сустрэча з Богам адбываецца ў нашых слабасцях, грахах, памылках, нашай патрэбе быць духоўна аздароўленымі. Таму для збаўлення неабходна пакорна і праўдзіва паглядзець на сябе і прызнаць, што мы з’яўляемся грэшнікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.