2014-03-24 11:07:40

Папа спачувае ў сувязі са смерцю кіраўніка Сірыйскай Праваслаўнай Царквы


RealAudioMP3 Папа Францішак скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю главы Сірыйскай Праваслаўнай Царквы Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу Ігнацыя Закі І Іваса. Іерарх адыйшоў у вечнасць 21 сакавіка 2014 г. ва ўзросце 80-ці гадоў у Германіі, дзе праходзіў лячэнне ў адной з клінік. Яго цела было перавезена ў Ліван, а затым у Сірыю, дзе адбудзецца пахаванне. “Усе хрысціяне страцілі аднаго са сваіх важнейшых духоўных лідэраў, адважнага і мудрага ў кіраванні сваім народам у вельмі складаныя часы”, - напісаў Святы Айцец. Францішак адзначыў, што сірыйскі Патрыях спрыяў дыялогу і міру паміж вернікамі розных рэлігій на Блізкім Усходзе, рэгіёне, пазначаным канфліктамі, якія нясуць смерць і разбурэнні. Францішак нагадаў, што Ігнацый Зака І прымаў удзел у ІІ Ватыканскі саборы ў якасці назіральніка і зрабіў вялікі ўклад ва ўмацаване адзінства паміж Сірыйскай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Ігнацый Зака І Івас кіраваў Сірыйскай Праваслаўнай Царквой з 1980 г. На сённяшні дзень яна налічвае каля 4 млн. вернікаў, якія пражываюць пераважна ў Сірыі, Ліване і Іраку. Сірыйская Праваслаўная Царква з’яўляецца монафізіцкай. Яна адносіцца да “нехалкедонскіх” Цэркаваў, якія не прынялі рашэння Халкедонскага Сабора 451 г. аб падвойнай прыродзе Хрыста – боскай і чалавечай.








All the contents on this site are copyrighted ©.