2014-03-24 12:18:36

Ватыканскі кардынал перасцярог ад “фальшывай міласэрнасці” у дыскусіі пра сужэнства


RealAudioMP3 Ад рызык, звязаных з жаданнем спрашчэння працэдур прызнання несапраўднасці сужэнства касцёльнымі судамі перасцярог прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, кардынал Рэйманд Лео Бёрк. Ён адзначыў, што ў такіх выпадках не можна кіравацца “фальшывай міласэрнасцю”, а прызнанне несапраўднасці павінна адбывацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага касцёльнага заканадаўства, праз дзьве інстанцыі. Кіраўнік вышэйшага судовага органа Каталіцкага Касцёла выступіў з лекцыяй у Каталіцкім універсітэце Вашынгтона. Ён падкрэсліў, што любыя рэформы працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства павінны быць спачатку глыбока прааналізаваны камісіяй экспертаў і ў ім не можна адмовіцца ад рашэння двух інстанцый.

Каментар ватыканскага кардынала выклікаў вялікую цікавасць у сувязі з бягучымі абмеркаваннямі па гэтым пытанні перад кастрычніцкай асамблеяй Сінода Біскупаў. Іерарх адзначыў, што неабходна мець дакладнае разуменне таго, што працэс прызнання несапраўднасці сужэнства з’яўляецца не проста працэдурным пытаннем, ён у значнай ступені звязаны з вучэннем Касцёла. Кардынал прывёў канон 1141, які кажа: “Сужэнства заключанае і завершанае не можа быць скасавана любой чалавечай уладай або па любой прычыне, акрамя смерці”. Ён раскрытыкаваў галасы, якія сцвярджаюць, што нібыта кананічны працэс пагразнуў у фармалізме. Бо, калі ён вядзецца змястоўна і старанна, то задача, пастаўленая перад судом, безумоўна, вартая гэтай працы і плённая. Цытуючы Яна Паўла II, амерыканскі кардынал перасцярог ад фальшывай міласэрнасці, якая не клапоціцца аб праўдзе, і, такім чынам, не служыць сапраўднай міласэрнасці, адзінай мэтай якой з’яўляецца збаўленне душ.

Кардынал Бёрк адзначыў, што дыскусіі на гэтую тэму ўтвараюць велізарны патэнцыял расчаравання, як быццам бы мы маглі схаваць праўду аб сужэнстве. На самой справе, мы спасылаемся на словы Езуса, які выразна навучаў аб непарыўнасці сужэнства. Гаворачы пра лекцыю кардынала Вальтэра Каспера на адкрыцці лютаўскага кансісторыя, прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры выказаў упэўненасць, што памылка прадстаўленага ў гэтым тэксце становішча ў бліжэйшы час будзе станавіцца ўсё больш і больш яўнай. Ён не хаваў, што многія кардыналы не пагадзіліся з прапановамі кардынала Каспера, і той факт, што яны былі зроблены падчас кансысторыя не азначае, што ўсе кардыналы добра прынялі іх.







All the contents on this site are copyrighted ©.