2014-03-22 11:43:58

Папа заклікаў мафіёзі пакаяцца і спыніцца рабіць зло


RealAudioMP3 “Я прашу вас змяніць сваё жыццё, пакаяцца і спыніцца рабіць зло”, - звярнуўся 21 сакавіка 2014 г. увечары папа Францішак да людзей, звязаных з мафіяй і злачыннымі справамі. У суседняй з Ватыканам парафіі св. Грыгорыя VII Пантыфік прыняў удзел у малітоўным чуванні ў дзень памяці аб ахвярах мафіі. Святога Айца прывітаў мясцовы пробашч, айцец Паола Маела. Затым сваячка адной з больш чым 900 ахвяр гэтай злачыннай арганізацыі выказала надзею, што барацьба з мафіяй і карупцыяй можа быць эфектыўнай і сітуацыя можа змяніцца. Пантыфік падзякаваў за прадстаўленую магчымасць прыняць удзел у малітоўнай сустрэчы. Ён выказаў надзею, што пачуццё адказнасці возьме верх над карупцыяй, каб вылечыць сацыяльныя паводзіны і адносіны. Ён адзначыў, што справядлівасць нараджаецца з сэрца і засведчыў сваю поўную салідарнасць з удзельнікамі чування.

Папа звярнуўся да мафіёзі з асабістым заклікам. “Змяніце сваё жыццё, пакайцеся, спыніцеся рабіць зло, мы молімся за вас. Я прашу вас аб гэтым на каленях, гэта для вашай жа карысці, бо жыццё, якое вы зараз вядзеце, не дасць вам задавальненне, радасці, шчасця. Улада, грошы, што ў вас ёсць сёння, так шмат брудных спраў і злачынстваў мафіі, грошы і ўлада, заплямленыя крывёй – вы не возьмеце гэтага ў вечнае жыццё. Пакайцеся, пакуль яшчэ ёсць час, каб не апынуцца ў пекле, што вас чакае, калі вы будзеце жыць гэтак далей. Вы мелі маму і тату, падумйце пра іх і заплачце!”, - сказаў папа Францішак.

Святому Айцу перадалі белую стулу – частку літургічнай вопраткі святара – якую выкарыстоўваў кс. Джузэпэ Дыяна, забіты мафіяй роўна 20 гадоў таму. Папа ўсклаў яе на сябе, пасля чаго ўдзяліў усім апостальскае благаслаўленне. Пасля набажэнства Пантыфік коратка размаўляў з некалькімі прысутнымі на ім святарамі і свецкімі, сваякамі ахвяраў мафіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.