2014-03-20 12:53:22

Ян Павел ІІ – Папа інавацый і адкрытасці


RealAudioMP3 Пантыфікат бл. Яна Паўла ІІ быў адным з самых доўгіх у гісторыі Касцёла і не дзіўна, што на яго прыйшлася вялікая колькасць інавацый. Напярэдадні кананізацыі першага Папы з Усходняй Еўропы, якая адбудзецца 27 красавіка 2014 г., варта ўзгадаць прынамсі пра некаторыя, самыя важныя з іх. Ян Павел ІІ здзейсніў апошнюю да сённяшняга дня паўнавартасную рэформу Рымскай курыі, рэарганізаваўшы яе структуры ў пяць груп: Дзяржсакратарыят, Кангрэгацыі, Касцёльныя трыбуналы, Папскія рады і аддзелы Рымскай курыі. Менавіта Ян Павел ІІ стварыў новыя ватыканскія дыкастэрыі: па справах сям’і, культуры, душпастырства работнікаў сферы аховы здароўя, Папскую акадэмію жыцця і Папскую камісію “Ecclesia Dei”. Благаслаўлёны Папа ўнёс змены ў парадак правядзення канклаву, напрыклад, абавязаўшы кардыналаў пражываць у гэты перыяд непасрэдна на тэрыторыі Ватыкана – у Доме св. Марты.

Ян Павел ІІ увёў у літургічны каляндар новае свята, прысвечанае Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца у наступную пасля Велікадня нядзелю. Ён стаў першым Пантыфікам, які ўвайшоў у Кентэрберыйскую катэдру – галоўны храм Англіканскай Царквы. Ён быў першым Папам, які наведаў лютэранскую царкву, сінагогу і мячэць.

Па ініцыятыве Яна Паўла ІІ сталі адзначацца Сусветны дзень хворага, Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Ён заснаваў Сусветныя дні моладзі і заклаў традыцыю міжрэлігійнай малітвы за мір, якая ўжо чатыры разы праходзіла ў італьянскім Асізі.

Менавіта Ян Павел ІІ быў першым Папам, які дазволіў апублікаваць справаздачу аб эканамічнай дзейнасці Святога Пасаду, а ў гады яго пантыфікату структуры Апостальскай Сталіцы сталі прысутнымі ў інтэрнэце, пачаў дзейнасць Ватыканскі тэлевізійны цэнтр.








All the contents on this site are copyrighted ©.