2014-03-20 12:03:39

Папа: чалавек, які верыць толькі ва ўласныя магчымасці, асуджае сябе на няшчасце


RealAudioMP3 Чалавек, які верыць толькі ў сябе, ва ўласныя магчымасці або прыватную ідэалогію асуджае сябе на няшчасце. А той, хто спадзяецца на Пана, прыносіць свой ​​плён нават у перыяд засухі, лічыць папа Францішак. Ён узначаліў 20 сакавіка 2014 г. Эўхарыстыю ў Доме св. Марты. Чалавек, які разлічвае на сябе, будзе як “куст у пустыні”, асуджаны застацца без плёну і памерці. У нас заўсёды будзе спакуса спадзявацца выключна на сябе, на сяброў або чалавечыя магчымасці, забываючыся пра Бога. Гэта прынясе нам толькі пакуты, перакананы Пантыфік. Ён запрасіў кожнага задаць сабе пытанне: “На чым палягае мая вера?”. Для многіх, лічыць Папа, гэта, на жаль, уласнае “я”. Адсюль нараджаецца эгаізм, які заўсёды перашкаджае збаўленню. Людзі, якія вераць толькі ў сябе, у канчатковым выніку страцяць сваё імя, сваю тоеснасць і годнасць, перакананы Святы Айцец. Адзіным выратаваннем для іх можа быць прызнанне айцоўства Бога, што дасць ім шанец адчуць сябе Яго сынамі. Бог заўсёды чакае чалавека, Яго дзверы пастаянна адчынены для нас, падкрэсліў Францішак. “Будзем прасіць у Пана ласку, каб ўсім нам даў мудрасць пакладаць давер толькі ў Ім, а не ў рэчах, чалавечых сілах, толькі ў Ім”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.