2014-03-20 10:54:28

Кардынал: рашэнне аб будучыні Ватыканскага банка яшчэ не прынята


RealAudioMP3 Будучая дзейнасць Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, не павінна больш пагражаць “рэпутацыі Апостальскай Сталіцы”, адзначыў кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі. Пурпурат з’яўлецца кіраўніком нямецага епіскапату, членам Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і каардынатарам нядаўна створанай Рады па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы. У інтэрв’ю іспанскаму выданню “Palabras” іерарх адзначыў, што скандалы, звязаныя з Ватыканскім банкам, выпадкі адмывання грошай і не зусім празрыстыя аперацыі, пра якія гаварылася ў мінулым, далі адваротнае евангельскаму сведчанне і гэта больш ніколі не павінна паўтарыцца.

Іерарх нагадаў, што канчатковае рашэнне аб будучыні Інстытута рэлігійных спраў яшчэ не прынята. Члены Рады кардыналаў перадалі Пантыфіку некаторыя прапановы аб яго рэфармаванні і, на думку пурпурата, рашэнне можа быць прынята цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў.

Нямецкі іерарх падзяліўся, што падчас апошняй сустрэчы Рады кардыналаў з Папам галоўным чынам абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з утаварэннем Рады і Сакратарыяту па эканамічных пытаннях. Рашэнне аб стварэнні гэтых органаў было прынята адзінадушна з мэтай паспрыяць большай фінансавай празрыстасці ў ватыканскіх структурах, падкрэсліў ён і назваў гэту падзею “глыбокай інавацыяй” у гісторыі Апостальскай Сталіцы, якая прывядзе кіраванне ватыканскімі фінансамі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.