2014-03-18 13:41:57

Святы Айцец: крывадушнік заўсёды маскіруе сябе пад святога


RealAudioMP3 Пост – гэта час, дадзены для “выпраўлення жыцця” і “набліжэння да Пана”, нагадаў Пантыфік падчас сваёй гаміліі на ранішняй св. Імшы 18 сакавіка 2014 г. Ён перасцярог вернікаў ад пачуцця, што яны “лепшыя за іншых”. Крывадушнікі, папярэдзіў Папа, “камуфлююцца пад дабро” і не разумеюць, што “ніхто не можа быць справядлівым дзякуючы сабе самаму”, усе маюць патрэбу ў апраўданні. “Навяртанне” – з гэтага слова пачаў сваю гамілію Францішак. Ён падкрэсліў, што гэта ключавое слова Вялікага посту і заклікаў добра прыглядзецца сваёй душы, “дзе заўсёды можна знайсці нешта”. І гэта трэба зрабіць “шчыра”, без крывадушнасці і фальшы. Адносіны чалавека да хворых, бедных, патрабуючых – гэта “пробны камень” прысутнасці навяртання. Крывадушнікі ня ведаюць, як гэта робіцца, таму што яны настолькі ўлюбёныя ў сябе саміх, што становяцца сляпымі, каб убачыць іншых, лічыць Святы Айцец.

Вядома, адзначыў Францішак, “гэта не ўсё навяртанне”. Яно палягае, перш за ўсё, на сустрэчы з Езусам Хрыстом , а наша стаўленне да братоў прыкмета гэтага. “Пост заключаецца ў прывядзенні ў парадак жыцця, яго выпраўленні, змене, каб такім чынам стаць бліжэй да Пана”, - нагадаў Папа. Крывадушнік не мае патрэбы ў Богу, бо лічыць, што збавіцца сам па сабе, таму і маскіруе сябе пад святога, дадаў ён. “Няхай Пан дасць нам усім мужнасць і святло ведаць, што адбываецца ўнутры нас і мужнасць навярнуцца, каб стаць бліжэй да Пана”, - пажадаў сабраным у капліцы Дому св. Марты Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.