2014-03-18 10:17:18

Пантыфік запэўніў, што Святы Пасад зробіць усё для міру ва Усходняй Еўропе


RealAudioMP3 Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы асабіста распавёў Пантыфіку пра падзеі, якія адбыліся ва Украіне на працягу апошніх месяцаў. Як паведаміў Дэпартамент інфармацыі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць і блізкасць да народа Украіны, у яго пакутах і небяспецы. Асаблівую ўвагу Папа надаў тым выклікам, якія стаяць сёння перад Украінай і Царквой. Ён запэўніў архіепіскапа, што Апостальская Сталіца зробіць усё для таго, каб захаваць мір ва Усходняй Еўропе, не дапусціць ваеннага супрацьстаяння і небяспекі эскалацыі насілля і кровапраліцця. Святы Айцец запэўніў, што ў апецы і падтрымцы Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з боку Святога Пасаду ніколі не будзе недахопу. Папа Францішак прыняў архіепіскапа Святаслава Шаўчука 17 сакавіка 2014 г. у Ватыкане.

Архіепіскап Кіева-Галіцкі ў размове з Пантыфікам падкрэсліў, што Царква ў цяжкі час была са сваім народам, пастыры разам з вернымі перажылі ўсю драму грамадскага супрацьстаяння і працягваюць служыць людзям у адпаведнасці з іх патрэбамі. Асобна іерарх прааналізаваў міжканфесійныя адносіны ва Украіне і дзейнасць Усеўкраінскай рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый. Ён звярнуў увагу на намаганні рэлігійнага асяроддзя па захаванні грамадзянскага міру, адзінства і згоды паміж рознымі нацыянальнымі і рэлігійнымі супольнасцямі.

17 сакавіка Кіраўнік украінскіх грэка-католікаў сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.







All the contents on this site are copyrighted ©.